Расійская нафта таннее
1- 27.11.2025, 23:54
- 4,896
Зніжка на Urals вырасла да 23% пасля санкцый супраць «Раснафты» і «Лукойла».
Цэнтральны банк Расіі прызнаў, што расійская нафта імкліва таннее адносна сусветнага эталона Brent. У лістападзе дысконт на Urals дасягнуў прыблізна 23%, тады як месяцам раней ён складаў каля 17%.
Такія даныя змяшчаюцца ў афіцыйным аглядзе фінансавай стабільнасці рэгулятара РФ.
Рэзкае танненне расійскай нафты звязана з увядзеннем ЗША блакіруючых санкцый супраць найбуйнейшых гульцоў галіны «Раснафта» і «Лукойл». Для Масквы гэта стала ўдарам па экспартнай выручцы і знешніх кантрактах.
Раней у другім і трэцім кварталах 2025 года зніжка да Brent трымалася каля ўзроўню 15%. Цяпер разрыў расце, і кампенсацыі за зніжэнне каціровак не назіраецца. Нягледзячы на гэта, расійскія ўлады спрабуюць дэманстраваць упэўненасць. Віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак заяўляў, што пашырэнне дысконту часовае і рынак адаптуецца цягам адна-двух месяцаў. Намеснік старшыні Цэнтрабанку Аляксей Заботкін таксама сцвярджаў, што істотных пагроз для макраэканамічнага прагнозу няма, бо экспарцёры нібыта паспяхова перабудавалі лагістыку і знайшлі новыя напрамкі збыту.
На практыцы даныя сведчаць пра супрацьлеглую дынаміку. Паводле ацэнак Reuters, у лістападзе 2025 года даходы федэральнага бюджэту ад нафты і газу могуць складаць каля 0,52 трыльёна рублёў. Гэты паказчык амаль на 35% ніжэйшы за ўзровень, зафіксаваны ў лістападзе папярэдняга года, што адлюстроўвае маштаб страт.
Цэнтрабанк папярэджвае: у выпадку падзення глабальных цэн энергетычны сектар Расіі можа пацярпець яшчэ мацней. Сярод рызыкаў называюцца магчымыя зніжэнне попыту ў Кітаі і Індыі ва ўмовах запаволення сусветнай эканомікі, рост геапалітычнай напружанасці, а таксама далейшае павелічэнне здабычы краінамі АПЕК+ і Злучанымі Штатамі. Пры такім сцэнарыі расійскія кампаніі-экспарцёры могуць сутыкнуцца з дадатковым падзеннем даходаў і стратай долі на рынку.
Падзенне кошту Urals можа перарасці ў устойлівую тэндэнцыю, калі санкцыйны ціск узмоцніцца, а ключавыя пакупнікі скарацяць закупкі. Для Крамля, эканоміка якога залежыць ад нафтагазавых даходаў, такая дынаміка азначае нарастанне фінансавых рызык і далейшае аслабленне магчымасцяў весці вайну супраць Украіны.