Расія ўпершыню за 60 гадоў страціла магчымасць адпраўляць людзей у космас
27- 27.11.2025, 22:51
- 26,268
На Байкануры адбылася сур'ёзная аварыя падчас запуску «Саюза МС-28».
На Байкануры падчас запуску «Саюза МС-28» да Міжнароднай касмічнай станцыі (МКС) 27 лістапада абрынулася кабіна абслугоўвання. Пра гэта сведчаць кадры з трансляцыі Раскасмаса. Паводле звестак крыніцы The Insider, гаворка ідзе пра рухомую раскладную канструкцыю пад стартавым збудаваннем, дзе вядуцца працы з хваставой часткай ракеты.
Аналітык ракетных пускаў Георгій Трышкін удакладніў, што кабіна абслугоўвання ўпала пад 31-й пляцоўкай — толькі з яе можна здзяйсняць запускі расійскіх пілотаваных місій да МКС. На яго думку, у выніку аварыі пускі караблёў «Саюз» і «Прагрэс» «адкладваюцца на нявызначаны тэрмін».
Падчас пасляпалётнага агляду было ўстаноўлена, што частку стартовага комплексу вырвала газавай струёй ракетнага рухавіка першай ступені, напісаў канал «Юра, прабач». Паводле ягоных звестак, касманаўты не пацярпелі, аднак збудаванню спатрэбіцца рамонт.
Папулярызатар касманаўтыкі Віталь Егараў пасля аналізу кадраў трансляцыі канстатаваў, што «фактычна з гэтага дня Расія страціла магчымасць запускаць у космас людзей, чаго не было з 1961 года». Паводле некаторых звестак, рамонт пляцоўкі можа заняць да двух гадоў. У Раскасмасе здарэнне не каментавалі.
Егараў удакладніў, што за 64 гады з дадзенага стартовага стала было выканана каля паўтысячы пускаў, а з 2018 года ён адзіны забяспечвае расійскую праграму МКС. На думку эксперта, праблему можна вырашыць толькі рамонтам. Яшчэ адзін варыянт — мадэрнізацыя Гагарынскай пляцоўкі № 1, якую ўжо спісалі і перадалі Казахстанскаму музею касманаўтыкі.
«Гагарынскі старт» планавалі мадэрнізаваць яшчэ ў 2018 годзе пры ўдзеле Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў, але пасля ўварвання Расіі ва Украіну Абу-Дабі адмовіўся ад супрацоўніцтва і інвестыцый у праект. «Стала ясна, што звязаныя з ім выдаткі і складанасці будуць значна большыя, чым мы разлічвалі», — тлумачылі ў Касмічным агенцтве ААЭ. Стартавы стол ракеты «Саюз» на касмадроме Усходні для пускаў касмічных караблёў не прыстасаваны.