У Беларусі не стала помніка прыроды
3- 26.11.2025, 11:57
- 4,780
Відаць, прычына — у ўсыханні.
Добрушскія астраўныя яльнікі афіцыйна спынілі існаванне. Пастанова Мінпрыроды пра гэта была апублікавана 26 лістапада на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале.
«Спыніць функцыянаванне батанічнага помніка прыроды рэспубліканскага значэння «Астраўныя яльнікі Добрушскія» ў Добрушскім раёне Гомельскай вобласці ў сувязі са стратай каштоўнага прыроднага аб’екта, дзеля захавання якога ён абвяшчаўся», — гаворыцца ў дакуменце.
Помнік прыроды быў створаны ў 1963 годзе на плошчы 30,8 га, каб захаваць высокаўзроставыя яловыя насаджэнні з перавагай у складзе дрэвастою востралусковай формы яліны еўрапейскай, якая мае батанічную і навуковую каштоўнасць.
Да 2015 года тэрыторыя помніка прыроды скарацілася больш чым у 10 разоў — да 2,3 га. Галоўнай прычынай змяншэння плошчы стала масавае ўсыханне яліны.