Расія запусціла «друкарскі станок»
15- 24.11.2025, 18:13
- 18,536
Грошай на вайну ўжо не стае.
Расійскія фінансавыя ўлады пачалі выкарыстоўваць грашовую эмісію з боку Цэнтральнага банка, каб прафінансаваць дэфіцыт бюджэту, які сёлета складзе амаль 6 трлн рублёў, пішуць эксперты Інстытута Гайдара.
«Дыра» ў казне ў гэтым годзе амаль цалкам пакрываецца за кошт выпуску дзяржаўнага доўгу — аблігацый федэральнай пазыкі (ОФЗ), якія штотыдзень размяшчае Мінфін. У першым квартале ён размясціў такіх папер на 1,4 трлн рублёў, у другім — на 1,46 трлн, у трэцім — на 1,55 трлн, піша The Moscow Times.
ОФЗ набываюць пераважна банкі, галоўным чынам буйныя і дзяржаўныя. А грошы банкам, у сваю чаргу, прадастаўляе ЦБ. З канца мінулага года ён праводзіць штотыднёвыя аперацыі рэпо, прапаноўваючы крэдытным арганізацыям рублёвыя пазыкі пад заклад ОФЗ. Паводле даных самога Цэнтрабанка, на 24 лістапада аб'ём такіх аперацый дасягнуў 2,832 трлн рублёў.
Павелічэнне ў актывах банкаў аб'ёму ОФЗ адбываецца ў выніку аперацый рэпо, а гэта па сутнасці «апасродкаванае эмісійнае фінансаванне дзяржаўнага доўгу з боку ЦБ РФ», адзначаюць эксперты Інстытута Гайдара. Пашырэнне такой практыкі «павялічвае праінфляцыйны эфект», папярэджваюць яны.
Бюджэт на 2026–28 гг. Мінфін склаў з «дырай» больш як 10 трлн рублёў: 3,8 трлн рублёў у наступным годзе, 3,2 трлн — у 2027-м і 3,5 трлн — у 2028-м. Практычна адзінай крыніцай фінансавання дэфіцыту будуць унутраныя дзяржпазыкі, указваюць у Інстытуце Гайдара: штогод Мінфін плануе размяшчаць ОФЗ на 4–4,7 трлн рублёў (без уліку пагашэнняў).
У бюджэт бягучага года ўлады першапачаткова закладалі толькі 1,2 трлн рублёў дэфіцыту, але былі вымушаныя павялічыць ацэнку амаль у 5 разоў пасля таго, як нафтагазавыя даходы абваліліся на 20%, а план па несыр'явых падатках аказаўся праваленым.
Па выніках года бюджэт сабярэ ПДВ на 1,3 трлн рублёў менш, чым чакалася, увазных пошлін і акцызаў — на 328 млрд рублёў менш, падатку на прыбытак — на 160 млрд рублёў менш, падатку на даходы фізічных асоб (ПДФА) — на 36 млрд рублёў менш, утылізацыйнага збору — на 888 млрд рублёў менш. Сказаліся запаволенне эканомікі, падзенне карпаратыўных прыбыткаў і скарачэнне экспарту з-за санкцый, тлумачыць эксперт ЦМАПК Эміль Аблаеў.
Нягледзячы на пагаршэнне сітуацыі ў бюджэце, у бліжэйшы час у Уладзіміра Пуціна грошы не скончацца, лічыць Аляксандра Пракапенка, навуковая супрацоўніца Цэнтра Карнегі Расія-Еўразія.
«На бліжэйшыя 12–14 месяцаў у Пуціна ёсць дастаткова грошай, каб працягваць вайну з бягучым узроўнем расходаў. (Пасля гэтага) яму давядзецца рабіць складаны выбар паміж працягам ваенных дзеянняў і падтрыманнем спажывецкага ізабілля, каб людзі не адчувалі на 100%, што ідзе вайна», — адзначае Пракапенка.