«Улетку за святло плаціў 10 рублёў»
16- 24.11.2025, 13:47
- 6,528
Жыхар Бабруйска ўсталяваў сонечныя панэлі на сваім балконе.
Бабруйчанін Юрый Савелюк на сваім балконе ўсталяваў чатыры сонечныя панэлі. Як узнікла ідэя асабістай электрастанцыі, ці лёгка яе абслугоўваць, а галоўнае: ці ёсць выгода, ён распавёў выданню «Камерцыйны кур'ер».

З тэхнікай Юрый на «ты» яшчэ са школьных гадоў. Любоў да электронікі і радыёсправы прывіў настаўнік фізікі Міхаіл Фядосеевіч.
— Проста на ўроках педагог рамантаваў стары лямпавы тэлевізар і распавядаў пра яго. За што адказвае той ці іншы вузел. Я слухаў і разумеў: ёсць у гэтым нейкая магія. Хацелася яе спазнаць.


Нарадзіўся і вырас Юрый ва Украіне, тады яшчэ ў УССР. Напрыканцы 80‑х скончыў Кіеўскі тэхналагічны інстытут па спецыяльнасці «інжынер-тэхнолаг скуры і футра».
У Бабруйск прыехаў па запрашэнні Міхаіла Іванавіча Кунца — легендарнага дырэктара нашага гарбарнага камбіната. З тых часоў не змяняў месца працы. Цяпер Юрый Савелюк — галоўны тэхнолаг прадпрыемства.

Падарожжы, рыбалка і адпачынак на прыродзе — яшчэ адно захапленне бабруйчаніна. З паездак на аўтамабілі ўсё і пачалося.
— Улетку з жонкай па два тыдні ў лесе або на беразе ракі праводзім. І каб адпачынак быў камфортны, бярэм з сабой міні-халадзільнік, святлодыёдны ліхтар, гаджэты. Усё гэта трэба запітаць. Пры такой нагрузцы аўтамабільнага акумулятара надоўга не хопіць, таму вырашыў набыць аўтаномную крыніцу энергіі. На маркетплэйсе замовіў дзве сонечныя панэлі і кантролер. Літый-жалеза-палімерны акумулятар, які прымае энергію, сабраў сам. Атрымалася паходная электрастанцыя; сабраць-разабраць — справа некалькіх хвілін, — распавядае Юрый.

Але лета заканчваецца, а тэхніка, упэўнены суразмоўца, павінна працаваць цэлы год. Таму замест гаража і «чакання» наступнага сезона сонечныя панэлі накіраваліся проста на балкон — працаваць па прызначэнні. Да двух «люстэркаў» крыху пазней Юрый дакупіў яшчэ два. Па 100 ват кожная. Як сам prizнаецца, хутчэй па эстэтычных меркаваннях — каб цалкам закрыць фасадны бок балкона.
— Пры неабходнасці панэлі лёгка дэмантаваць і перавозіць, — адзначае суразмоўца.

Астатнія кампаненты для хатняй электрастанцыі дакупляліся ўжо «ў працэсе» — больш прадукцыйны кантролер, інвертар, акумулятар. Схематчна сістэма выглядае так: прынятая ад сонца электраэнергія з напружаннем 42 В прыходзіць на кантролер, схаваны ў шафе кіравання. Там паніжаецца да 14 В і накіроўваецца на зарадку акумулятара.
Ад яго падаецца на інвертар, дзе павышаецца да звыклых 220 і паступае спажыўцу. Спажывец пакуль адзін — кухонны двухкамерны халадзільнік.
— Акумулятар неабходны, каб захоўваць прынятую энергію, — тлумачыць фізіку працэсу Юрый Савелюк, — бо сонца свеціць у пэўны прамежак часу, а халадзільнік павінен працаваць бесперапынна.

У чэрвені — жніўні так і атрымліваецца. «Лішнюю» энергію забірае акумулятар, а потым аддае ў цёмны час сутак. А з улікам таго, што халадзільнік у кватэры працуе «24/7», будучы асноўным спажыўцом электраэнергіі, атрымліваецца нядрэнна зэканоміць.
— Улетку за святло плаціў 10 рублёў. Цяпер, вядома, больш. Але чаго чакаць ад лістапада, калі і сонца нізка, і ясныя дні можна пералічыць па пальцах? — усміхаецца суразмоўца.

Але і ў «беларускую палярную ноч» удаецца злавіць энергію нябеснага свяціла. 30 працэнтаў часу ў лістападзе батарэі генеруюць ток, у снежні, вядома, сціплей — не больш за 20. Але гэта, прызнаецца Юрый, самы мінімум. Далей — «сонца — на лета, зіма — на мароз».
Незалежна ад таго, ёсць сонца на небе ці няма, халадзільнік заўсёды запітаны. Калі натуральнай энергіі не стае, аўтаматыка сама пераключае спажыўца на хатнюю сетку і нават дазваляе дазарадзіць акумулятар. Кантраляваць зарад і пераключацца паміж крыніцамі току можна дыстанцыйна — дзякуючы мабільнаму дадатку.

За паўтара года тэхніка ні разу не падвяла. У працы, кажа Юрый, не капрызная, а ўсё абслугоўванне зводзіцца да ачысткі панэляў спецыяльным мыйным растворам. Чым чысцей паверхня — тым больш энергіі.

Нават прыбліковы тэрмін акупнасці хатняй электрастанцыі Юрый не падлічваў. За гэтыя паўтара года толькі ў абсталяванне ўклаў каля 2000 рублёў. Кажа, мэты як мага хутчэй «адбіць» выдаткі няма. Панэлі ставіў не дзеля эканоміі, а, як цяпер модна казаць, для дыверсіфікацыі крыніц электраэнергіі.

Тым не менш у планах у бабруйчаніна — устаноўка яшчэ дзвюх сонечных панэляў — на бакавую сцяну балкона. Яна якраз «глядзіць» на самы поўдзень. А там сонца заўсёды больш. Нават у беларускую палярную ноч.