Назвалі папулярную спецыю, якая эфектыўна дапамагае пахудзець
6- 24.11.2025, 9:02
- 10,152
Спецыя адначасова абараняе сэрца.
Nigella sativa (чорны кмен) найбольш вядомы як араматычная спецыя, але ён таксама здаўна выкарыстоўваецца ў традыцыйнай медыцыне Паўднёвай Азіі, Блізкага Усходу і Паўночнай Афрыкі. Знахары стагоддзямі выкарыстоўвалі ў сваіх рэцэптах гэта насенне, лічачы, што яно падтрымлівае здароўе людзей дзякуючы антыаксідантным і супрацьзапаленчым уласцівасцям. Японскія вучоныя з Метрапалітэн-універсітэта Асака даказалі, што біялагічна актыўныя злучэнні, якія ўтрымлівае гэтая расліна, сапраўды могуць аказваць моцны пазітыўны ўплыў на арганізм чалавека.
Атлусценне — гэта глабальная праблема аховы здароўя, звязаная з парушэннямі абмену рэчываў, такімі як інсулінавая рэзістэнтнасць, дысліпідэмія і сардэчна-сасудзістыя захворванні. Працэс адыпагенезу адыгрывае ключавую ролю ў развіцці атлусцення і звязаных з ім ускладненняў. Як даказалі ў ходзе працы «Насенне чорнага кмена (Nigella sativa) аказвае антыадыпагеннае дзеянне на клеткавую мадэль 3T3-L1 і зніжае ўзровень ліпідаў у людзей» японскія вучоныя, насенне чорнага кмена дзякуючы свайму антыадыпагеннаму і гіпаліпідэмічнаму дзеянню дапамагае змагацца з гэтым распаўсюджаным захворваннем.
Як гаворыцца ў даследаванні, апублікаваным у часопісе Food Science & Nutrition, насенне чорнага кмена і алей з яго багатыя біялагічна актыўнымі злучэннямі, такімі як алкалоіды, флаваноіды і эфірныя алеі, што абумоўлівае іх шырокі фармакалагічны патэнцыял. Дзякуючы разнастайным фізіка-хімічным уласцівасцям яны высока цэняцца як у харчовай прамысловасці, так і ў медыцыне. Даследаванні на клеткавых культурах і на жывёлах і раней дэманстравалі тэрапеўтычны эфект чорнага кмена і яго актыўнага кампанента цімахінона (ТХ), у тым ліку антымікробнае, супрацьзапаленчае, антыаксідантнае, супрацьдыябетычнае, антыгіпертэнзіўнае, супрацьпухліннае, імунамадулюючае дзеянне.
У ходзе новага даследавання вывучылі ўплыў насення чорнага кмена на ўзровень халестэрыну ў крыві чалавека. Вучоныя правялі шэраг эксперыментаў і клінічных выпрабаванняў. У практычнай частцы працы дарослыя людзі штодня на працягу васьмі тыдняў ужывалі 5 г парашку (прыблізна сталовую лыжку) з насення чорнага кмена. Удзельнікі былі адабраныя з ліку пацыентаў з памежным і высокім узроўнем халестэрыну, якія не прымалі лекаў. Пасля гэтага вучоныя даследавалі ўзоры крыві і клетак выпрабаваных.
Даследаванне паказала, што ўжыванне парашку з насення кмена або алею з яго можа істотна палепшыць ліпідны профіль. Яны дапамагаюць знізіць узровень агульнага халестэрыну, халестэрыну ЛПНП (ліпапратэінаў нізкай шчыльнасці, «дрэнны» халестэрын) і трыгліцерыдаў, адначасова павышаючы ўзровень халестэрыну ЛПВП (ліпапратэінаў высокай шчыльнасці, «добры» халестэрын). Гэтыя эфекты асабліва карысныя для людзей з гіперхалестэрынеміяй або іншымі фактарамі рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў.
Чарговы раз было даказана, што багаты фітахімічны склад насення чорнага кмена абумоўлівае яго разнастайныя фармакалагічныя ўласцівасці, у тым ліку антыаксідантныя, супрацьзапаленчыя і антыадыпагенныя. У прыватнасці, высокая агульная колькасць фенолаў (35,475 ± 0,065 мг ГАЭ/г сухой масы) і агульная колькасць флаваноідаў (39,51 ± 0,071 мг КЭ/г сухой масы) падкрэслівае яго моцны антыаксідантны патэнцыял. Акрамя таго, у чорным кмене ўтрымліваюцца 23 тлустыя кіслоты, пераважна метыл-эйказатрыенаат (69,29%), метыл-11,14,17-эйказатрыенаат (25,2%) і метыл-ліналеат (4,05%).
Вучоныя робяць выснову: ужыванне насення чорнага кмена наўпрост звязана са зніжэннем рызыкі сардэчна-сасудзістых захворванняў і паляпшэннем метабалічнага абмену (абмену рэчываў) у доўгатэрміновай перспектыве. «Гэта даследаванне пераканаўча даказвае, што насенне чорнага кмена карыснае як функцыянальны прадукт для прафілактыкі атлусцення і хвароб, звязаных з ладам жыцця, — адзначыў адзін з аўтараў працы прафесар Кодзіма-Юаса. — Чорны кмен сапраўды зніжае ўзровень ліпідаў у крыві». На яго думку, насенне чорнага кмена можа стаць перспектыўным натуральным сродкам для лячэння захворванняў, звязаных з атлусценнем.