У Калумбіі паднялі першыя скарбы з легендарнага іспанскага галеона
- 24.11.2025, 8:44
- 13,438
Іх кошт дасягае мільярдаў долараў.
У Калумбіі паднялі першыя скарбы з легендарнага іспанскага галеона San José, які затануў больш за 300 гадоў таму. Пра гэта 21 лістапада паведаміў CNN.
Сярод знойдзенага — залатыя і бронзавыя манеты, фарфоравыя кубкі і карабельная гармата.

Судна затанула ў Карыбскім моры ў 1708 годзе падчас вайны за іспанскую спадчыну, калі брытанскі флот атакаваў іспанскую эскадру. San José перавозіў велізарную колькасць золата, срэбра і смарагдаў з калоній Паўднёвай Амерыкі для іспанскай кароны. Цяпер агульная вартасць грузу ацэньваецца ў мільярды долараў.
СМІ піша, што вакол галеона працягваецца юрыдычная спрэчка паміж урадам Калумбіі і амерыканскай кампаніяй Sea Search-Armada, якая сцвярджае, што выявіла судна яшчэ ў 1980-х і прэтэндуе прыкладна на $10 млрд — палову ад ацэначнай вартасці скарбу.
Калумбія настойвае, што выявіла San José ў 2015 годзе. Улады называюць цяперашняе падняцце артэфактаў часткай навукова-даследчага праекта, які павінен праліць святло на эканамічную і палітычную гісторыю Еўропы пачатку XVIII стагоддзя. Урад лічыць галеон важнай часткай культурнай спадчыны краіны.
Артэфакты паднялі з дапамогай падводных робатаў. Цяпер яны пройдуць працяглы працэс кансервацыі і стануць аб'ектам археалагічных даследаванняў.
Гістарычныя дакументы сведчаць, што San José быў часткай флоту Flota de Tierra Firme, які ў 1707 годзе выйшаў з Перу з вялікім каралеўскім грузам, але не дабраўся да Іспаніі.