Заражаная небяспечнымі вірусамі малпа збегла ад навукоўцаў у ЗША
8- 2.11.2025, 8:52
- 6,292
Уцёкам спрыяла ДТЗ у штаце Місісіпі.
У ЗША вышукваюць лабараторную малпу, якая збегла ў выніку ДТЗ у штаце Місісіпі. Паводле папярэдняй інфармацыі, жывёла можа быць заражаная небяспечнымі вірусамі.
Першапачаткова пра інцыдэнт паведаміў офіс шэрыфа ў акрузе Джаспер.
«28 кастрычніка 2025 года на аўтамагістралі I-59 паблізу 117-й мілі адбылася аварыя. Гэта быў грузавік, які перавозіў макак-рэзус з Універсітэта Тулейн. Малпы важаць прыблізна 18 кг, яны агрэсіўныя да людзей, і для працы з імі неабходныя сродкі індывідуальнай абароны. Малпы з'яўляюцца носьбітамі гепатыту С, герпесу і COVID», — гаварылася ў паведамленні.
Пры гэтым офіс шэрыфа ўдакладніў, што ў выніку аварыі збеглі чатыры малпы. Трох пазней удалося «знішчыць», яшчэ адна дагэтуль на свабодзе.
Пасля гэтага Універсітэт Тулейн абнародаваў заяву, у якой адмаўляе заражэнне малпаў небяспечнымі вірусамі. У прыватнасці, у ёй адзначаецца, што жывёлы належаць старонняй даследчай арганізацыі, якой дазволілі скарыстацца ўніверсітэцкай лабараторыяй.
«Прыматы, пра якіх ідзе гаворка, не пераносілі ніякіх захворванняў і нядаўна прайшлі праверкі, што пацвердзілі адсутнасць у іх патагенаў», — гаворыцца ў заяве ўніверсітэта.