Ці рэальна беларусам адкрыць «шэнген» да Новага года?
- 18.11.2025, 22:57
- 9,290
Распавяла візавая агентка.
Візавы агент і галоўная рэдактарка Visa Flow Анастасія Лысокоўская распавяла «Еўрарадыё» пра тое, якія краіны выдаюць беларусам самыя доўгія шэнгенскія візы — і чаго не трэба рабіць, каб не сапсаваць візавую гісторыю.
Шэнген да Новага года
Калі вельмі хочацца правесці святы ў Еўропе, то Італія — ваша (амаль) адзіная надзея. Консул будзе разглядаць вашы дакументы 2–3 тыдні. Гэта значыць, што ў бліжэйшы час вам трэба знайсці агента, які гарантуе, што да канца лістапада ваш пакет дакументаў змогуць падаць у візавы цэнтр.
У канцы мінулага тыдня візавы цэнтр Італіі зноў адкрыў запіс у жывую чаргу. Працэдуру ўвялі больш за два гады таму, каб перашкодзіць пасярэднікам разбіраць свабодныя слоты і перапрадаваць іх ахвочым атрымаць візу. Паколькі ахвочых атрымаць візу было шмат, часам запіс спынялі.
І вось яна зноў адкрылася. Цяпер, каб адправіць запыт, не трэба ўставаць а чацвёртай раніцы — і наогул уставаць не трэба, усё можна зрабіць анлайн.
Усе астатнія краіны наўрад ці гарантуць вам візу да святаў, — кажа Анастасія.
— Напрыклад, Іспанія будзе разглядаць вашы дакументы каля 45 дзён (могуць і даўжэй). На мінулым тыдні мой кліент падаваўся на іспанскую візу, і мы прасілі выдаць яе з 26 снежня.
У цэлым Іспанія цяпер — найбольш прыемная краіна для атрымання візы: без складанасцяў, без чаргаў, без расцягвання тэрмінаў чакання на год-паўтара.
Там, вядома, як і ўсюды, бываюць адмовы, але ў цэлым візы іспанцы даюць добра. Калегі казалі, што некаму нават на пяць гадоў у пусты пашпарт далі. Незразумела, што гэта было, напэўна, нейкая ўдача.
Калі не хочаце плаціць агентам вар’яцкія грошы, можаце паспрабаваць «злавіць» дату самастойна. Анастасія кажа, што іспанцы найчасцей публікуюць свабодныя слоты двойчы ў месяц. То бок можна прадказаць, калі наступны раз з’явяцца месцы. Напрыклад, калі ў гэтым месяцы ўсе даты разабраныя, то бліжэй да сярэдзіны месяца заходзьце на сайт і лавіце слоты на другую палову.
Пры падачы дакументаў на візу ў Іспанію спачатку трэба запоўніць анкету і прайсці фотаверыфікацыю. Пазнаёмцеся, як будзе выглядаць гэтая працэдура, колькі вы выдаткуеце часу, каб прайсці ўсе гэтыя этапы. Лепш падрыхтавацца загадзя і пасля гэтага проста сачыць за датай і запісвацца праз сайт візавага цэнтра.
А што з Грэцыяй? Улетку многія атрымлівалі візы ад гэтай краіны, але на зіму пра яе лепш забыць.
— Зімой ад грэкаў прыходзіць шмат адмоваў. На 10 падач — больш за палову адмоваў. Улетку на 10 падач была толькі адна адмова. Чаму грэкі не даюць візы зімой? Яны не разумеюць, навошта цяпер ехаць у Грэцыю, сезон жа скончыўся, мора — халоднае. Вашы гісторыі пра тое, што вы хочаце ўбачыць пераднавагоднія Афіны, для іх гучаць не вельмі праўдападобна. Але можаце рызыкнуць: Грэцыя разглядае дакументы 21 дзень.
Складанасць яшчэ і ў тым, што пасля адмовы ў грэчаскай візе вы, найверагодней, не зможаце атрымаць візу Іспаніі. Таму калі ў вашай візавай гісторыі ёсць адна грэчаская адмова, то лепш грунтоўна абдумаць, што рабіць далей.
А яшчэ ёсць сэнс запісацца ў спіс чакання на нямецкую візу. Чакаць гэтую візу доўга, да паўтара года. Але гэта добры варыянт, калі адна віза ў вас ёсць і вы ўжо цяпер думаеце, што рабіць, калі яна скончыцца.
— Польшча таксама працягвае выдаваць турвізы, але туды вельмі складана запісацца. Месцаў вельмі мала, на адзін горад — сорак месцаў, гэта кропля ў моры. Плюс пажылым людзям бывае складана прайсці верыфікацыю.
Ёсць яшчэ Францыя, але Анастасія кажа, што гэта проста нейкая «віза Шрэдынгера». Афіцыйна французы ўжо даўно не давалі слотаў на запіс праз сайт пасольства.
— Пры гэтым людзі неяк атрымліваюць французскія візы, — дзівіцца суразмоўніца.
Віза пад тур
Адзін са спосабаў атрымаць «візу Шрэдынгера» або ўвогуле любую візу — паспрабаваць патрапіць у пераднавагодні тур.
— Удзельнікаў тураў у візавых цэнтрах прымаюць асобным патокам. Не факт, што паспеяце да Новага года, але шанцы ёсць. У такім выпадку вы купляеце не толькі слот у візавым цэнтры, але і сам тур. То бок табе наогул нічога не трэба рабіць, яшчэ і ў тур з’ездзіш — прыгажосць, — кажа Анастасія.
Адна з удзельніц аўтобусных тураў распавяла, што дзеля візы з’ездзіла ў Вугоршчыну. За тур яна аддала каля 350 еўра, у гэтую суму ўваходзілі праезд і пражыванне ў гатэлях. У туры былі начныя пераезды, але дзеля візы не такое зробіш.
— Ёсць добрыя туры ў Францыю, у Італію — і гэтыя краіны лёгка адкрываюць доўгатэрміновыя візы. Італія — самы лепшы варыянт, асабліва калі ў вас ужо былі італьянскія візы.
Вугоршчына — таксама добры варыянт, але майце на ўвазе, што ў вугорскі тур вам абавязкова трэба паехаць. Італьянцы, напрыклад, калі афармляюць туры, найчасцей не правяраюць, ці былі вы ў Італіі. Едзеце вы ці не — ім усё адно. Але яны звернуць на гэта ўвагу, калі вы пойдзяце па візу другі раз, — кажа Анастасія.
А вось вугорцы, калі вы перадумаеце ехаць у тур, могуць ануляваць візу і нават не папярэдзяць пра гэта. Пра тое, што ваша віза больш не дзейнічае, вы можаце даведацца ўжо на мяжы.