7 снежня 2025, Нядзеля, 7:04
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пуцін сказаў Лукашэнку «не»

19
Пуцін сказаў Лукашэнку «не»

Беларускі дыктатар адмовіўся ад праекта, з якім насіўся пяць гадоў.

На пятнічнай нарадзе ў кіраўніка было заяўлена пра адмову ад будаўніцтва ў Беларусі другой атамнай станцыі, але прынята рашэнне пра стварэнне трэцяга энергаблока на АЭС у Астравеце, піша «Салідарнасць».

Пра тое, што Беларусі патрэбная другая атамная станцыя, Аляксандр Лукашэнка актыўна казаў пяць гадоў. І нават тады, калі стала відавочна, што ад першай АЭС у Астравеце няма ніякай эканамічнай выгоды.

То бок, Беларусі і першая станцыя не была патрэбная. З улікам рэальнага стану спраў ідэя будаўніцтва другой АЭС выглядала вар’яцтвам. Дык чаму ж Лукашэнка ўпарта прасоўваў тэму?

Свежее рашэнне ўмацоўвае падазрэнні, што з боку Лукашэнкі гэта, па-першае, было піяр-ходам.

Што мусіў думаць абывацель, калі яму пастаянна паўтаралі, што трэба будаваць і другую АЭС? Што ўзвядзенне першай у Астравеце аказалася выгаднай справай. Ну або, прынамсі, што гэта не была грандыёзная памылка кіраўніка, якая павялічыла залежнасць ад Расіі і пагоршыла адносіны з іншымі суседзямі.

Па-другое, цягам апошняга года Лукашэнка настолькі быў занепакоены праектам другой АЭС, што амаль перастаў хаваць: новая станцыя патрэбная не таму, што Беларусі неабходная дадатковая электраэнергія.

У сакавіку Лукашэнка заявіў у Савеце Федэрацыі РФ: «Калі раптам што — Бранская і іншыя вобласці і «новыя рэгіёны Расіі» мы можам забяспечыць электрычнасцю».

У верасні ў апошняй адчайнай спробе ўгаварыць Пуціна выдзеліць крэдыт кіраўнік сказаў, што другая АЭС на ўсходзе Беларусі зможа забяспечыць электраэнергіяй акупаваныя РФ Херсонскую, Запарожскую, Луганскую і Данецкую вобласці Украіны.

І ўсё ж, як бачым, сябар Валодзя сказаў «не». І наўрад ці магло быць інакш: Лукашэнка хацеў асвоіць яшчэ адзін шматмільярдны расійскі крэдыт, тады як не відаць нават перспектывы, калі ён зможа разлічыцца за першую АЭС.

Цяпер вырашана абмежавацца будаўніцтвам трэцяга энергаблока на станцыі ў Астравеце — відаць, у надзеі хоць нешта выцадзіць з расійскага бюджэту.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках