Канцлер Германіі: украінскія мужчыны павінны заставацца дома і ваяваць
42- 13.11.2025, 23:54
- 11,430
Фрыдрых Мерц заклікаў Зяленскага не выпускаць моладзь з Украіны.
Федэральны канцлер Германіі Фрыдрых Мерц прызваў прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага абмежаваць паток маладых украінскіх мужчын у Германію і забяспечыць, каб яны заставаліся дома дзеля абароны сваёй краіны, піша Politico.
«Падчас працяглай тэлефоннай размовы сёння я папрасіў украінскага прэзідэнта зрабіць усё, каб маладыя мужчыны, у прыватнасці, не прыязджалі ў Германію ў вялікай колькасці — усё большай колькасці — а служылі сваёй краіне. Яны патрэбныя там», — сказаў Мерц.
Яго словы прагучалі на фоне росту занепакоенасці ў Германіі — асабліва сярод кансерватыўных палітыкаў з яго ўласнай партыі — што падтрымка Украіны ў нямецкім грамадстве можа аслабнуць, калі маладых украінцаў будуць успрымаць як тых, хто ўхіляецца ад вайсковай службы, прыязджаючы ў Еўропу.
Пасля таго як Кіеў летам паслабіў правілы выезду, колькасць маладых украінскіх мужчын ва ўзросце ад 18 да 22 гадоў, якія ўязджаюць у Германію, вырасла з 19 на тыдзень у сярэдзіне жніўня да 1400–1800 на тыдзень у кастрычніку, паведамляюць нямецкія СМІ са спасылкай на даныя Міністэрства ўнутраных спраў.
Прэм’ер Баварыі Маркус Зёдэр, саюзнік Мерца, прапанаваў увесці абмежаванні на дзеянне так званай Дырэктывы ЕС аб часовай абароне, калі Кіеў добраахвотна не скараціць колькасць новых прыбыўшых. Паводле гэтай дырэктывы, украінцы цяпер аўтаматычна атрымліваюць статус часовой абароны ў Еўрапейскім саюзе.
Германія застаецца адным з самых адданых саюзнікаў Украіны ў межах ЕС. З пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расіі ў 2022 годзе краіна прыняла больш за 1,2 мільёна ўкраінскіх уцекачоў і з’яўляецца найбуйнейшым пасля ЗША донарам ваеннай дапамогі Украіне ў абсалютных паказчыках.
У кіруючай кааліцыі Мерца баюцца, што рост колькасці маладых украінскіх мужчын у краіне можа стаць палітычнай зброяй для крайніх правых з партыі «Альтэрнатыва для Германіі» (AfD), якія рэзка крытыкуюць падтрымку Кіева.
AfD, якая цяпер лідзіруе ў сацыялагічных апытаннях, ужо даўно патрабуе спыніць сацыяльныя выплаты ўкраінцам. Паводле дадзеных Федэральнага агенцтва занятасці, каля 490 тысяч грамадзян Украіны працаздольнага ўзросту цяпер атрымліваюць у Германіі дапамогу па беспрацоўі.
Кааліцыя Мерца, якая знаходзіцца пад усё большым ціскам з-за бюджэтных абмежаванняў і імкнецца скараціць сацыяльныя выдаткі, працуе над законапраектам, які абмежуе права ўкраінцаў на такія выплаты і будзе стымуляваць працаўладкаванне.
«У Германіі памер сацыяльнай дапамогі для гэтых уцекачоў будзе такім, каб стымул да працы быў большы, чым стымул заставацца на ўтрыманні дзяржавы», — адзначыў Мерц у чацвер.