Кіраўнік МУС Літвы: Лукашэнка абышоўся з літоўскімі фурамі як рэкетыр
15- 13.11.2025, 21:34
- 17,878
Уладзіслаў Кандратовіч даў вялікае інтэрв'ю на беларускай мове.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч у інтэрв'ю «Радыё Свабода» распавёў, што трэба зрабіць беларускім уладам, каб тэхнічна або палітычна вырашыць пытанне з закрытай беларуска-літоўскай мяжой. Літоўскі міністр даваў гэтае інтэрв'ю на беларускай мове.
Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні тройчы абмяркоўваў закрытыя Літвой пераходы на мяжы з Беларуссю: заклікаў сваіх чыноўнікаў пачаць перамовы і дыпламатычны дыялог з Вільнюсам. Адказным за вядзенне перамоваў прызначылі міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова, і той ужо сказаў, што будзе размаўляць без перадумоў, але пра адкрыццё не толькі нядаўна закрытых пераходаў, але і ўсіх пунктаў пропуску на літоўска-беларускай мяжы.
У літоўскім урадзе заявілі пра магчымасць тэхнічных перамоваў — але не палітычных.
Гібрыдная атака шарамі
Перш за ўсё — гэта праблема з шарамі, якія ляцяць з боку Беларусі і пагражаюць бяспецы самалётаў у аэрапорце Вільнюса, сказаў міністр.
«Закрыццё мяжы стала апошнім крокам, зробленым з нашага боку. Перад гэтым былі «сігнальныя» закрыцці мяжы як знакі для рэжыму Лукашэнкі, што трэба нешта рабіць з боку Беларусі. Як мы бачылі, ніякіх крокаў з боку беларускага рэжыму не паследавала — і толькі пасля закрыцця мяжы сам Лукашэнка пачаў гаварыць. Для Літвы гэтая праблема стала вялікай, калі пачаліся пагрозы для грамадзянскай авіяцыі, для бяспекі, і гэта перарасло на ўзровень гібрыднай атакі на нас з боку Беларусі».
Міністр Кандратовіч прызнаў, што закрытыя пераходы выкарыстоўваліся таксама для перадачы сродкаў на кантрабанду цыгарэт у Літву, і сёння гэта вывучаюць літоўскія крыміналісты.
Тым часам урад Літвы праводзіць нарады, каб вызначыць, якія крокі можа зрабіць Вільнюс. Пры гэтым працягваецца дыялог паміж памежнымі ведамствамі Літвы і Беларусі, МЗС абедзвюх краін таксама ў кантакце, кажа міністр Кандратовіч. А вось у яго з кіраўніцтвам МУС Беларусі кантактаў няма.
«Не, ніякіх кантактаў з беларускім міністрам у мяне не было. І наколькі я валодаю інфармацыяй, не было і раней такіх кантактаў. Думаю, кіраўнік МЗС Літвы Кястуціс Будрыс знойдзе спосаб, як абмеркаваць гэтую сітуацыю з іншым бокам. А тэхнічныя перамовы адбываюцца перадусім паміж памежнымі службамі».
У цэлым за час закрыцця мяжы паміж Літвой і Беларуссю паветраных шароў стала менш, кажа міністр, бываюць ночы, калі такіх зондаў увогуле не запускаюць у бок Літвы:
«Прычынай гэтаму можа быць і надвор'е або кірунак ветру. Але сітуацыя сапраўды палепшылася. У лістападзе закрыццё віленскага аэрапорта адбылося два або тры разы, і ўсяго максімум на некалькі гадзін. І не было такой неразбярыхі, якая была ў кастрычніку. Думаю, што пэўныя крокі для кантролю за сітуацыяй з боку Беларусі былі зроблены. Не маючы кантактаў, цяжка сказаць, што было зроблена, але з усёй інфармацыі, агучанай публічна і даступнай, відаць, што хоць рыторыка Лукашэнкі не спрыяе паляпшэнню сітуацыі, але я адчуваю, што робяцца нейкія крокі, каб гэтую сітуацыю стрымаць».
«Для беларусаў трэба стварыць максымальныя магчымасьці бываць у Эўразьвязе. Аднак палітыка, якую праводзіць Лукашэнка, не заўжды спрыяе гэтаму. Гэта трэба зьмяняць», — заявіў сярод іншага ў інтэрві...
На працягу 2025 года літоўскія службы выявілі каля 600 такіх шароў. Але ёсць і такія, што не былі знойдзены, прызнаў міністр, і іх можа быць у некалькі разоў больш.
Тут дзейнічаюць два фактары: і кантрабанда, і гібрыдная атака з боку Беларусі, кажа Уладзіслаў Кандратовіч:
«Відавочна, што кантрабанда ажыццяўляецца як жыхарамі Беларусі, так і Літвы, тут ёсць сувязі. І гэта добра бачна, і гэта можна даказаць. Але, з другога боку, сабатаж з беларускага боку і пазіцыя нічога з гэтым не рабіць, не прадпрымаць крокаў дзеля стрымлівання сітуацыі, дазвол рабіць такое наводзіць на думку, што гэта таксама гібрыдная атака. Так, гібрыдны эфект руху гэтых шароў з боку Беларусі ў бок Літвы значны. У тым ліку ён выклікае закрыццё нашых аэрапортаў у Вільнюсе і Каўнасе».
Кантрабанда на 100 мільёнаў еўра
Рашэнне аб поўным закрыцці мяжы Літвы і Беларусі было прынята напрыканцы кастрычніка. Яго патлумачылі масавымі прылятамі метэазондаў з кантрабанднымі цыгарэтамі з Беларусі. Паводле статыстыкі памежнай службы Літвы, шары з кантрабандай з Беларусі масава прылятаюць у Літву з пачатку 2024 года. На пытанне, чаму Вільнюс вырашыў адрэагаваць на гэты выклік менавіта цяпер, міністр адказаў:
«У розных сітуацыях патрэбныя навыкі, каб ідэнтыфікаваць гэтыя шары. На мой погляд, праца нашай памежнай службы на мяжы спрыяла таму, што кантрабандысты пачалі запускаць гэтыя шары ўсё далей ад Літвы, з іншых участкаў тэрыторыі Беларусі, і стала цяжэй разлічыць іх рух. І мы бачым, што яны далятаюць ужо да Вільнюса, да аэрапорта».
Бюджэт краіны з-за кантрабанды губляе амаль 100 мільёнаў еўра ў год, кажа ён. З другога боку, бяспека грамадзянскай авіяцыі застаецца прыярытэтам і важнай задачай для МУС Літвы.
35 літоўскіх кампаній ужо прапанавалі свае метады і тэхналогіі выяўлення і знішчэння непажаданых дронаў і шароў.
«Сродак супраць іх будзе знойдзены, і сёння існуюць спецыяльныя групы, каб спыняць гэтыя шары. Але лічу, што калі не будзе эканамічнай выгоды дасылаць гэтыя цыгарэты, якія рэалізуюцца ў Літве і іншых дзяржавах ЕС, не будзе і гэтых шароў».
«Лукашэнка дзейнічаў як рэкетыр»
Па распараджэнні Аляксандра Лукашэнкі беларускія мытнікі заблакавалі грузавыя машыны з літоўскай рэгістрацыяй, якія засталіся на беларускай тэрыторыі. Цяпер больш за 1000 машын стаяць на спецыяльных платных стаянках. Вадзіцелі хвалююцца, некаторыя нават кажуць, што гатовыя пратэставаць.
«І я думаю, што гэта правільны крок перавозчыкаў, бо для іх мы адкрылі мяжу, каб гэтыя машыны паехалі ў Літву. Але з боку Лукашэнкі такой магчымасці няма, ён закрыў мяжу і, як рэкетыр, усе машыны ставіць на стаянку і патрабуе аплаты, якая даволі вялікая — 120 еўра за адзін дзень, і гэта за машыну, а калі прычэп, то яшчэ 120 еўра.
«Мы скарысталіся магчымасцю праз работнікаў літоўскай памежнай службы звярнуцца ў памежную службу Беларусі з прапановай адкрыць мяжу для эвакуацыі гэтых машын у Літву. І двойчы мы атрымалі адмоўны адказ, трэці раз ліст прыйшоў учора вечарам, і там ёсць прапанова з боку Беларусі весці перамовы», — распавядае міністр.
«Мы гатовыя да перамоваў на тэхнічным узроўні, каб вырашаць праблемы комплексна — не толькі тую, якая выгадная беларускаму боку, але і ўсе існуючыя пытанні. Я лічу, што дэскалацыя ўсё яшчэ магчымая», — заявіў 12 лістапада прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа.
Ён ацаніў прапанову Мінска аб перамовах як жаданне пагаварыць пра зняцце санкцый:
«Я разумею сітуацыю вакол грузаперавозчыкаў — гэта няпроста, але прашу іх зразумець сітуацыю, у якой мы знаходзімся. Мы сапраўды перажываем гібрыдную атаку, і мы не можам проста назіраць і нічога не рабіць», — сказаў Наўседа.
Калі адкрыюць мяжу
Фармальна літоўска-беларуская мяжа закрытая да канца лістапада 2025 года. Гэта рашэнне выклікала рэзкую рэакцыю ў Мінску, але цалкам не спыніла паток паветраных шароў і мігрантаў з беларускага боку.
Каментуючы крытэрыі для адкрыцця мяжы напрыканцы лістапада, міністр Кандратовіч сказаў «Свабодзе»:
«Думаю, што на сустрэчы памежных службаў трэба стварыць канал, каб інфармацыя пра падзеі, звязаныя з кантрабандыстамі, спыняла гэтую сітуацыю. Важна, каб такі тэхнічны дыялог адбыўся. Я бачу, што крокі ў гэтым кірунку зроблены. Перадача інфармацыі адбываецца, можа, крыху не так, як хацелася б, але яна ідзе. Лічу, што гэта дазволіць 30 лістапада адкрыць мяжу. Ніхто не кажа, што гэта немагчыма і раней. 30-е — гэта арыенцір. Але калі сітуацыя выправіцца і будзе рухацца нармальнымі крокамі, і гэтыя прычыны (і машыны, і шары, і сітуацыя з мігрантамі) пойдуць у нармальным напрамку, то, як лічу я, і прэм'ер учора сказала, урад можа прыняць рашэнне і да 30-га чысла».
Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што сустрэча віцэ-міністраў унутраных спраў Літвы, Латвіі і Польшчы 14 лістапада ў Друскеніках з'яўляецца важным элементам дыскусіі.
«У мяне ёсць інфармацыя, што Польшча плануе адкрыць 2 або 3 пункты перасячэння мяжы з Беларуссю на наступным тыдні. Я гляджу на гэта як на сітуацыю, якая датычыць усяго рэгіёна».
Раней польскі ўрад адклаў адкрыццё дадатковых пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю менавіта пасля пачатку крызісу з шарамі ў Літве.
Паводле слоў міністра Кандратовіча, патрэбная агульная пазіцыя адносна адкрыцця межаў і паляпшэння руху паміж дзяржавамі, якую трэба рыхтаваць на ўзроўні ўсяго рэгіёну — Літвы, Польшчы, Латвіі.
На пытанне адносна прагнозу, калі магчымым будзе такое агульнае рашэнне ў рэгіёне, кіраўнік МУС Літвы адказаў:
«Як мы бачым, сітуацыя застаецца наэлектрызаванай, і былі крокі да эскалацыі гэтай сітуацыі, як і з літоўскімі фурамі, якім была закрытая магчымасць выехаць у Літву. Гэта з'яўляецца эскалацыяй. І я думаю, што мы павінны зразумець, што праз эскалацыю гэтыя праблемы Літва вырашаць не будзе — будзем вырашаць іх праз дэскалацыю сітуацыі. Як з кантрабанднымі шарамі, так і з інструменталізаванай міграцыяй — нелегальнай міграцыяй, якая арганізуецца з боку Беларусі».
У цэлым міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч не ўпэўнены, што закрыццё мяжы можа змяніць паводзіны Лукашэнкі, што Лукашэнка непакоіцца, ці ездзяць шараговыя беларусы ў Літву.
«Але я думаю, што для беларусаў трэба стварыць максімальныя магчымасці бываць у Еўразвязе. Аднак палітыка, якую праводзіць Лукашэнка, не заўжды спрыяе гэтай пазіцыі. Але гэта трэба змяняць».
Міграцыя як інструмент ціску
У апошнія дні літоўскія памежнікі не фіксуюць спробаў незаконнага перасячэння мяжы з беларускага боку. Магчыма, паўплывала даждлівае халоднае надвор'е, але нельга выключаць і спробы нармалізаваць сітуацыю з беларускага боку, згаджаецца міністр, але заклікае ацэньваць сітуацыю комплексна — па ўсім рэгіёне, у тым ліку на межах Беларусі з Польшчай і Латвіяй, дзе мігранты працягваюць спрабаваць прарвацца ў Еўразвяз.
Міністр унутраных спраў Літвы Уладзіслаў Кандратовіч паведаміў, што сёлета зафіксавалі больш спроб незаконна перайсці літоўскую мяжу з Беларусі: у 2024 годзе было 1000, а ў гэтым годзе ўжо 1300.
«Але ў цэлым гэта на тым жа ўзроўні. У Польшчы і Латвіі фіксуюць рост, таму няправільна судзіць толькі па літоўскай сітуацыі, трэба глядзець на ўвесь рэгіён. Я лічу, што ўлады Польшчы, у прыватнасці міністр унутраных спраў Польшчы, з якім у мяне была размова, разумеюць, што галоўным пытаннем з'яўляецца нелегальная міграцыя».
Ці стаяць ЗША за рашэннем Літвы
Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні заявіў, нібыта за дзеяннямі Літвы па закрыцці пагранічных пераходаў стаялі ЗША. Злучаныя Штаты сапраўды выпрабоўваюць новую палітыку ў дачыненні да Беларусі: пры іх удзеле вызваляюць палітвязняў, прызначаны спецпасланнік ЗША па Беларусі.
Аднак Уладзіслаў Кандратовіч кажа, што палітыка ЗША на рашэнне Вільнюса адносна мяжы не паўплывала.
«Сітуацыя звязаная з бяспекай нашай грамадзянскай авіяцыі — гэта і выклікала рашэнне. Але амерыканцы з'яўляюцца нашымі партнёрамі, а мы — партнёры амерыканцаў. Як і Польшча, як і Латвія. Агульная пазіцыя ў дачыненні да Беларусі абмяркоўваецца паміж усімі гэтымі дзяржавамі. Наш міністр замежных спраў Кястуціс Будрыс нядаўна гаварыў на гэтую тэму з дзяржсакратаром ЗША. Але сказаць, што амерыканцы стаяць за гэтым рашэннем, нельга. Натуральна, што амерыканцы маглі выказаць сваё пажаданне Мінску, каб сітуацыя з гэтымі шарамі спынілася, гэта нармальна, бо мы партнёры. І Будрыс вядзе размову на гэтую тэму з ЗША, і не толькі ўчора, і не толькі з ЗША, але і з Еўракамісіяй».