На Ямайцы аднаўляюць сувязь і дарогі пасля ўрагану «Меліса»
- 12.11.2025, 8:28
- 1,506
Колькасць ахвяр павялічылася.
Колькасць пацверджаных загінулых ад урагану «Меліса» на Ямайцы павялічылася да 45, яшчэ 15 чалавек лічацца зніклымі без звестак.
Пра гэта паведамляе Associated Press.
Чакаецца, што колькасць загінулых вырасце, паколькі два гарады застаюцца адрэзанымі ад свету.
Верталёты скідаюць ежу і іншыя прадметы першай неабходнасці ў гэтыя дзве абшчыны, паведаміў кіраўнік упраўлення па надзвычайных сітуацыях Ямайкі Элвін Гейл.
Ён сказаў, што шторм прымусіў эвакуяваць 30 тысяч дамагаспадарак, а 1100 чалавек дагэтуль жывуць у 88 аварыйных сховішчах.
Намеснік прадстаўніка ААН Фархан Хак заявіў, што пытанне жылля застаецца сур'ёзнай праблемай, бо намёты немагчыма даставіць з-за пашкоджаных і заблакаваных дарог.
Паводле слоў Гейла, амаль тры дзясяткі дарог застаюцца заблакаванымі, пакуль брыгады працягваюць прыбіраць завалы.
Аднак палова людзей ужо мае мабільную сувязь, а больш за 70% - і ваду. Электразабеспячэнне адноўлена для больш за 60% спажыўцоў.
Наступствы кліматычнага крызісу
27 кастрычніка ўраган «Меліса» ўдарыў па Ямайцы з рэкорднай сілай, прыносячы разбуральныя парывы ветру і ліўні. Хуткасць ветру дасягнула 282 км/г. Гэта максімальная, пятая катэгорыя небяспекі.
Паводле дадзеных Нацыянальнага цэнтра ўраганаў ЗША, пасля Ямайкі «Меліса» аслабела да 233 км/г і накіравалася ў бок Кубы.
Метэаролагі назвалі «Мелісу» трэцім па магутнасці ўраганам у Карыбскім басейне пасля «Вільмы» (2005) і «Гілберта» (1988). Для Ямайкі гэта першы выпадак прамога ўдару шторму 4 або 5 катэгорыі.
Эксперты адзначаюць, што «Меліса», як і іншыя апошнія ўраганы, з'яўляецца наступствам глабальнага пацяплення і павышэння тэмпературы акіянічнай вады, што робіць трапічныя штармы мацнейшымі і больш разбуральнымі.