5 снежня 2025, Пятніца, 7:27
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Падчас уцёкаў з Херсона расіяне вывезлі карціны некалькіх мастакоў, звязаных з Беларуссю

2
Падчас уцёкаў з Херсона расіяне вывезлі карціны некалькіх мастакоў, звязаных з Беларуссю
Скрадзеная расіянамі карціна «Пейзаж» Вітольда Бялыніцкага-Бірулі

Расійскія захопнікі скралі як мінімум 1233 карціны вядомых мастакоў.

Падчас адступлення з Херсона восенню 2022 года расійскія вайскоўцы вывезлі з Херсонскага абласнога музея як мінімум 1233 карціны вядомых мастакоў, у тым ліку шасці беларускіх, піша «Радыё Свабода».

У апублікаваным Галоўным упраўленнем разведкі Міністэрства абароны Украіны пераліку выкрадзеных карцін ёсць «Пейзаж» Вітольда Бялыніцкага-Бірулі і тры працы Георгія Паплаўскага з цыклу «Высокае неба», над якім ён працаваў 9 гадоў.

З украінскага музея выкралі таксама карціны беларускага мастака-графіка Сямёна Геруса (нарадзіўся ў Навагрудскім раёне ў 1925 годзе, памёр у 1998-м).

Ён першым сярод беларускіх мастакоў пасляваеннага часу звярнуўся да гістарычнай тэматыкі. Мастацтвазнаўцы адзначалі яго графічны твор «Кастусь Каліноўскі» 1953 года, выкананы вугалём.

У калекцыі Херсонскага музея было дзве яго працы — «Чаўны» (1962) і «На беразе возера». Абедзве карціны апынуліся ў руках расійскіх вайскоўцаў.

Сярод выкрадзеных ёсць таксама карціны двух мастакоў, якія нарадзіліся ў Беларусі і потым звязалі сваё жыццё з іншымі краінамі.

Жывапісец і графік Леў Бакст (сапраўднае імя Лейб-Хаім Розэнберг) нарадзіўся ў Гродне ў 1866 годзе ў яўрэйскай сям’і. Пераважна працаваў у Санкт-Пецярбургу і Парыжы. Расіяне скралі «Партрэт Ісака Левітана», які мастак стварыў у 1900 годзе.

У 2013 годзе пры ўдзеле Віктара Бабарыкі «Белгазпрамбанк» набыў на аўкцыёне Christie’s яго «Эскіз касцюма Жар-птушкі», а ў 2014‑м выкупіў у прыватнага калекцыянера альбом «Творы Льва Бакста для балета «Спячая прыгажуня» (1922).

Жывапісец, графік, скульптар і тэатральны мастак Барыс Забараў нарадзіўся ў 1935 годзе ў Мінску, памёр у 2021 годзе ў Парыжы. У херсонскай калекцыі была яго праца «Ікар. Серыя «Чалавек і космас» (графіка, 1976 год).

Мастак Уладзімір Путэйка нарадзіўся ў 1926 годзе ў Жыткавіцкім раёне, але ўсё сваё жыццё прысвяціў Украіне. Выкладаў у Адэскім мастацкім вучылішчы. Расіяне скралі «Партрэт Фядотава» яго аўтарства (1961 год).

Як адзначылі ў вайсковай разведцы Украіны, расійскія вайскоўцы пад кіраўніцтвам прадстаўнікоў расійскіх музеяў сістэмна вывозілі экспанаты з мастацкага музея, у тым ліку жывапіс, графіку, скульптуру і іканапіс. Частку з іх незаконна вывезлі ў анексаваны Расіяй яшчэ ў 2014 годзе ўкраінскі Крым.

У пераліку выкрадзеных — працы шэрагу ўкраінскіх, літоўскіх, польскіх і расійскіх мастакоў XIX—XX стагоддзяў.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках