5 снежня 2025, Пятніца, 10:25
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кітай спыніў будаўніцтва найбуйнейшага ў свеце калайдэра часціц

10
Кітай спыніў будаўніцтва найбуйнейшага ў свеце калайдэра часціц

Што адбылося?

Кітай часова спыняе будаўніцтва найбуйнейшага ў свеце калайдэра — CEPC, які павінен быў стаць так званай «фабрыкай Хігса» і забяспечыць краіне лідарства ў даследаваннях фундаментальных часціц.

Праект не ўключылі ў новы пяцігадовы план развіцця, што фактычна азначае яго замарожванне, перадае New Voice.

Распрацоўку CEPC (Circular Electron Positron Collider) пачалі яшчэ ў 2012 годзе пасля адкрыцця базона Хігса. Яго стварэннем займаўся Пекінскі інстытут фізікі высокіх энергій (IHEP). Кіраўнік праекта, прафесар Ван Іфан, пацвердзіў, што хоць афіцыйнае фінансаванне пакуль не прадугледжана, каманда працягне навуковыя даследаванні і паспрабуе паўторна падаць заяўку ў 2030 годзе.

Калайдэр CEPC павінен быў стаць кольцавай устаноўкай даўжынёй 100 кіламетраў, якая дазволіла б даследаваць «часцінку Бога» з беспрэцэдэнтнай дакладнасцю. Завершаны ў кастрычніку 2025 года тэхнічны даклад апісваў шматлікія інавацыі: звышдакладны трэкавы дэтэктар, здольны вымяраць становішча з дакладнасцю 10 мікраметраў і час — 50 пікасекунд, а таксама новыя каларыметры, што паляпшаюць энергетычнае раздзяленне ў дзесяць разоў.

Асобна быў распрацаваны энергаэфектыўны мікрачып для чытання дадзеных, які змяншае спажыванне энергіі на 65%. Міжнародная экспертная камісія пад старшынствам прафесаркі Даніэлы Бортолетта (Оксфардскі ўніверсітэт) прызнала тэхнічную частку CEPC «зрэлай» і з дакладна сфармуляванымі навуковымі мэтамі.

Праект ацэньваўся прыкладна ў 5,1 мільярда долараў ЗША і аб’яднаў больш за 1000 вучоных са 160 інстытутаў па ўсім свеце. Нягледзячы на гэта, Кітай вырашыў засяродзіцца на іншых буйных навуковых ініцыятывах у перыяд 2026—2030 гадоў.

Тымчасам CEPC застаецца ў канкурэнтнай барацьбе з еўрапейскім FCC (Future Circular Collider), які распрацоўвае ЦЕРН. Еўрапейскі калайдэр будзе мець крыху карацейшае кальцо — каля 90 кіламетраў, аднак каштарыс яго будаўніцтва значна большы — прыкладна 18,4 мільярда долараў ЗША. Рашэнне аб яго рэалізацыі чакаецца каля 2028 года.

Нягледзячы на затрымку, Кітай не адмаўляецца ад буйных фізічных праектаў: у наступны пяцігадовы план можа ўвайсці іншая амбіцыйная распрацоўка — устаноўка Super Tau-Charm у горадзе Хэфэй.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках