«Лукойл» спыніў здабычу нафты ў Іраку
1- 10.11.2025, 16:29
- 2,456
Пасля санкцый ЗША і Вялікабрытаніі Багдад замарозіў плацяжы расійскай кампаніі.
Кампанія «Лукойл» паведаміла пра «форс-мажор» на гіганцкім нафтавым радовішчы West Qurna-2 ў Іраку і спыніла яго працу, паведамляе Reuters.
У мінулым месяцы ЗША і Вялікабрытанія ўвялі санкцыі супраць «Лукойла», другой па велічыні нафтавай кампаніі Расіі. Паводле слоў трох крыніц, Ірак з таго часу спыніў усе грашовыя і нафтавыя плацяжы кампаніі.
У мінулы аўторак «Лукойл» накіраваў афіцыйны ліст у Міністэрства нафты Іраку, у якім гаворыцца, што існуюць форс-мажорныя абставіны, якія перашкаджаюць кампаніі працягваць нармальную працу на радовішчы West Qurna-2.
Расійская кампанія валодае 75% у гэтым праекце з вытворчай магутнасцю каля 480 тысяч барэляў у суткі, а астатняя доля належыць North Oil Company з Іраку.
Паводле даных агенцтва, калі прычыны форс-мажору не будуць ліквідаваныя на працягу шасці месяцаў, «Лукойл» спыніць здабычу і цалкам выйдзе з праекта, заявіў высокапастаўлены чыноўнік нафтавай галіны Іраку.