У Беларусі ўсталёўваюць дарожныя знакі, якія сачаць за аўтамабілямі
8- 9.10.2025, 14:28
- 12,050
У іх «убудаваная» цэлая сістэма датчыкаў.
На беларускіх дарогах пачалі ўсталёўваць «разумныя» знакі STOP, якія забараняюць рух без спынення. Першы такі абноўлены знак нядаўна з’явіўся на скрыжаванні рэспубліканскай трасы М-10 і дарогі Р-124. Выявілася, што новы знак здольны сачыць за аўтамабілямі з дапамогай спецыяльных датчыкаў.
У Гомельскай абласной ДАІ новыя знакі назвалі «разумнымі», бо насамрэч у іх убудаваная цэлая сістэма датчыкаў, якія сачаць за сітуацыяй на галоўнай дарозе і дапамагаюць вадзіцелю, які выязджае з другараднай дарогі, зарыентавацца.
«Праблема знаёмая многім: выязджаеш з другараднай, выглянуў — нібыта чыста, але не заўважыў аўтамабіль, які ляціць на хуткасці. Цяпер тэхналогіі на дапамогу», — патлумачылі ў ДАІ, навошта вырашылі тэхналагічна абнавіць звычайны дарожны знак.
Працаваць «разумны» стоп-знак будзе наступным чынам: калі датчыкі фіксуюць рух на галоўнай дарозе, увесь знак пачынае ззяць, загараючыся яркім белым маячком, а на інфармацыйным табло, размешчаным ніжэй, з’яўляюцца надпісы: «Увага. Спыніся. Саступі дарогу». Маячок гасне, як толькі транспартны сродак на галоўнай праедзе, пасля чаго вадзіцель з другараднай можа ўпэўнена пачаць рух.
«Разумны» знак працуе ад сонечных панэляў. У ДАІ выказалі надзею, што ўкараненне падобных тэхналагічных знакаў прывядзе да зніжэння колькасці ДТЗ і зробіць беларускія дарогі больш бяспечнымі.