Праца офіса Ціханоўскай у Вільнюсе спыненая
73- 8.10.2025, 14:57
- 55,346
Нібыта праз рашэнне Літвы аб зніжэнні ўзроўню аховы.
Праца фізічнага офіса Ціханоўскай у Вільнюсе часова прыпыненая пасля рашэння Літвы аб зніжэнні ўзроўню аховы. Пра змены ў працы паведаміў дыпламатычны дарадца Дзяніс Кучынскі.
«Праца офіса Ціханоўскай не спыненая як такая — ён працягвае сваю дзейнасць, гаворка ідзе толькі пра часовае прыпыненне працы фізічнага офіса ў Вільнюсе», — сказаў Кучынскі.
Нагадаем, Літва знізіла ўзровень фізічнай аховы Святланы Ціханоўскай. Ахова Ціханоўскай не адмяняецца цалкам, аднак узровень яе фізічнай абароны зніжаецца, і ахова перадаецца ад Службы аховы кіраўніцтва (Vadovybės apsaugos tarnyba) ў Бюро крымінальнай паліцыі, якое забяспечвае абарону не як дзяржаўнаму дзеячу, а як асобе, якой аб'ектыўна можа пагражаць пэўная небяспека. Напрыклад, Бюро крымінальнай паліцыі забяспечвае абарону сведкаў і пацярпелых.
Паводле звестак крыніц літоўскага выдання LRT, ахова Ціханоўскай і спадарожныя выдаткі абыходзіліся дзяржаве прыкладна ў 1 млн еўра на год. У гэтую суму ўваходзілі кругласутачная фізічная ахова ў Літве і за мяжой, аўтамабілі для суправаджэння, ўтрыманне месца пражывання, а таксама карыстанне VIP-тэрміналамі ў аэрапортах.
Міністэрства замежных спраў Літвы ў адказ на запыт дэпутата Сейма Рымаса Янкунаса афіцыйна паінфармавала, што пытанні забеспячэння бяспекі Ціханоўскай не ўваходзяць у яго кампетэнцыю. Аднак міністэрства аплачвае паслугі VIP-залаў для афіцыйных гасцей. У 2024 годзе выдаткі на VIP-тэрміналы для Ціханоўскай склалі 129 тыс. еўра, у 2023‑м — 92 тыс. еўра.