8 снежня 2025, панядзелак, 5:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Гэта як другая АЭС»

12
«Гэта як другая АЭС»

Лукашэнка выпрошвае ў Амана грошы на новы «смярдзючы» завод.

Дзяржаўныя СМІ адрапартавалі, што Беларусь і Аман плануюць «буйны праект у сферы дрэваапрацоўкі» з інвестыцыямі ў $1,4 млрд. Ідзе гаворка пра новы цэлюлозна-кардонны камбінат. Эканамічны аглядальнік Андрэй Махоўскі у каментары «Белсату» выказаў упэўненасць, што яшчэ адно такое прадпрыемства Беларусі не патрэбнае, і патлумачыў чаму.

Беларусь і Аман ухвалілі мемарандум аб супрацоўніцтве ў справе будаўніцтва цэлюлозна-кардоннага камбіната. Чакаецца, што ў праект будзе інвеставана $1,4 млрд, а прадпрыемства будзе вырабляць за год 800 000 тон прадукцыі. Адпаведны дакумент быў падпісаны ў Мінску, куды 6 кастрычніка прыляцеў султан Амана Хайсам бен Тарэк Аль Саід.

У Беларусі ўжо працуе цэлюлозна-кардонны камбінат у Светлагорску, і можна падумаць, што ён квітнее і пахне, калі ўлады захацелі пабудаваць яшчэ адно такое прадпрыемства. Аднак на светлагорскім заводзе, які крэдытавалі кітайцы, мноства праблем, адзначыў у каментары «Белсату» аўтар праграмы «Аптымум» на YouTube-канале «Беларусы і рынак» Андрэй Махоўскі:

«Афіцыйна яго запусцілі ў 2020 годзе. Мінулым годам там вытворчасць была 360 000 тон, гэта значыць 90% ад магутнасці, якая ў яго 400 000 тон. Там маецца шмат тэхналагічных праблем, там ёсць праблема са збытам, прадаваць няма куды. То бок мы ўжо маем адзін камбінат магутнасцю 400 000 тон, цяпер хочам пабудаваць яшчэ адзін такі ж, толькі ўдвая большы. Вось і ўся мэтазгоднасць гэтага «выдатнага» праекта».

Эксперт нагадаў, што ўлады больш за год носяцца з ідэяй другога цэлюлозна-кардоннага камбіната. Ішла гаворка пра прадпрыемства на мяжы Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Верагодна, менавіта на гэты праект Аман і накіруе інвестыцыі.

Светлагорскі ЦКК апошні раз публікаваў фінансавую справаздачнасць у 2022 годзе. З гэтых дакументаў вынікае, што ў 2020-м прадпрыемства спрацавала са стратамі амаль на 72 млн рублёў, у 2021-м ужо быў прыбытак у 9 млн рублёў. За тыя два гады дывідэнды акцыянерам не выплачваліся.

Пры гэтым, напрыклад, дывідэнды за 2024 год інвестары ўсё ж атрымалі, на гэта пайшло амаль 3,8 млн рублёў. Сам факт выплаты сведчыць пра прыбытковую работу кампаніі, хоць на адну акцыю налічылі «гіганцкую» суму дывідэндаў — 0,000086682378572 рубля.

«У нас мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі цягнецца з 2006 года, ужо вось 20 гадоў, толькі да 2020 года на яе было выдаткавана $4 млрд. Колькі патрацілі пасля — мы не ведаем, бо статыстыку схавалі. Пры гэтым дрэваапрацоўка ў Беларусі — як нафта ў Расіі. Зрабіць яе стратнай — трэба прыкласці намаганні. Вось быў у нас аўстрыйскі Kronospan, у кампаніі былі велізарныя даходы. Гэта было фенаменальна паспяховае прадпрыемства, якое якраз працавала з беларускім лесам. Аднак дзяржаўныя прадпрыемствы па нейкіх прычынах ужо 20 гадоў не могуць працаваць», — разважае Махоўскі.

Ён параўнаў праект новага камбіната з ідэяй другой атамнай электрастанцыі, якую дагэтуль прасоўвае Лукашэнка:

«Ідэя другой атамнай электрастанцыі не ў тым, каб пабудаваць яе, а ў тым, каб асвоіць грошы на будаўніцтва. Тое самае з гэтым камбінатам: ідэя ў тым, каб асвоіць вось гэтыя $1,4 млрд. І што мы ў выніку атрымаем? Ну вось, кітайскія даўгі вяртаем дагэтуль, будзем аддаваць нейкія грошы яшчэ і Аману».

Суразмоўца «Белсата» адзначае, што пакуль невядома, на якіх умовах Аман праінвестуе праект: ці гэта будзе сумеснае прадпрыемства, ці толькі беларускае:

«Я так разумею, што Лукашэнка ўсё ж хоча, каб гэта была сумесная вытворчасць, каб праблема збыту прадукцыі не была ягоным галаўным болем, каб аманцы забіралі прадукцыю сабе, бо ў іх лясоў няма. Ён шмат чаго набыў, а вось прадаваць усё гэта не ўдаецца».

Праўда, паводле слоў аналітыка, яшчэ не факт, што справа дойдзе да рэалізацыі.

«Падпісаны толькі мемарандум аб супрацоўніцтве, а ад мемарандума да моманту, калі прыходзяць грошы, патрабуецца час: плюс-мінус бясконцасць. Гэта значыць, што грошы ўвогуле могуць не прыйсці. Тут поўна цяжкасцяў з усім гэтым», — падсумаваў Андрэй Махоўскі.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках