Украінскія дроны «ўдарылі» па даходах Лукашэнкі
11- 6.10.2025, 15:12
- 40,006
«Санкцыі Буданава» наўпрост паўплываюць на чатыры прадпрыемствы.
Дэфіцыт паліва ў Расіі, які выклікалі атакі дронаў ЗСУ, ударыць і па прадстаўніках невялікай, але прыкметна выраслай за апошнія пару гадоў беларускай галіны.
Скарачэнне перапрацоўкі на НПЗ Расіі — гэта яшчэ меншыя аб'ёмы здабычы нафты (не варта забываць пра тое, што працягваецца ўзмацненне абмежаванняў на яе гандаль) і, як вынік, менш кантрактаў, авансаў, грошай за нафтасэрвісныя паслугі і абсталяванне.
Менавіта беларусы дапамаглі расійскім нафтавікам пасля таго, як Расію пакінула значная група спецыялізаваных заходніх кампаній. І ў канкурэнцыі з мясцовымі і кітайцамі (у адрозненне ад іншых галін) нашыя суайчыннікі да нядаўняга часу выглядалі тут на ўзроўні.
Паводле падлікаў экспертаў партала «Белорусы и рынок», у мінулым годзе продажы нафтасэрвісных паслуг і абсталявання прынеслі беларускім удзельнікам расійскага рынку не менш за 180 млн долараў.
Гэтая сума падзяляецца паміж 4 кампаніямі або групамі кампаній: адной дзяржаўнай і трыма прыватнымі.
«Белоруснефть-Сибирь»
Першая з іх — дачка «Белоруснефть» «Белоруснефть-Сибирь». Кампанія, што базуецца ў Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе, у цэлым з'яўляецца найбуйнейшым беларускім працадаўцам у Расіі. На пачатку гэтага года ў штаце «Белоруснефть-Сибирь» значылася 1933 чалавекі.
З моманту свайго стварэння ў 2008 годзе гэта структура займаецца бурэннем, капітальным рамонтам пошукавых і эксплуатацыйных свідравін, а таксама аказаннем паслуг па павелічэнні здабычы нафты і падвышэнні нафтааддачы пластоў.
Акрамя ўласнай нафтаздабываючай кампаніі «Янгпур» у пералік кліентаў «Белоруснефть-Сибирь» уваходзяць даччыныя структуры гігантаў расійскага нафтагазу — «Роснефти», «Газпронефти», «Новатэка» і інш.
Ад недахопу заказаў кампанія ніколі асабліва не пакутавала. Але пасля таго, як расійскі рынак пакінула палова з вялікай нафтасэрвіснай чацвёркі (Halliburton і Baker Hughes, а Weatherford International і Schlumberger засталіся з абмежаваннямі), справы «Белоруснефть-Сибирь» пайшлі ўгору.
«Фидмаш»
Вядомы распрацоўшчык і вытворца койлтюбінгавага абсталявання быў заснаваны ў 2001 годзе ў Мінску. А ўжо ў 2005-м беларускія заснавальнікі прадалі яго аднаму з сусветных лідараў у вытворчасці нафтагазавага абсталявання — амерыканскай карпарацыі National Oilwell Varco.
У складзе NOV «Фидмаш», віцебскі завод «Новмаш» і расійская гандлёва-сэрвісная дачка «Фидсервис» прабылі да лета 2022 года. У ліпені 2022-га NOV выйшла з гэтага бізнесу, змогшы нават забраць 4 млн долараў дывідэндаў за вылікам 5% падатку на даходы замежных асоб. Актыў пароўну падзялілі менеджары — двое грамадзян Беларусі і двое — Расіі.
У мінулым годзе «Фидмаш» практычна аднавіла аб'ём продажаў, які быў да 2022 года. Але ў адрозненне ад таго часу, калі «Фидмаш» актыўна дапамагала здабываць нафту і ўкраінцам, цяпер каля 90% аб'ёму бізнесу забяспечваюць расійскія кліенты. Сярод кліентаў «Фидмаша» — «Белоруснефть», даччыныя структуры «Лукойла» і «Сургутнефтегаза», а таксама тая ж Schlumberger, якая пасля ребрэндынгу стала SLB.
«Сейсмотехника»
Самы стары беларускі вытворца нафтагазавага абсталявання, што знаходзіцца ў Гомелі, да пачатку 2010-х быў структурнай адзінкай «Белоруснефть». Але потым яго кантрольны пакет двума заходамі прадалі італьянскаму вытворцу падобнага абсталявання Drillmec, які ўваходзіць у Trevi Group.
Для «Сейсмотехники» расійскі рынак — таксама вызначальны. Апошнія гады вытворца актыўна супрацоўнічае са структурамі, што ўваходзяць у Eastsib Holding. Гэты холдынг з'яўляецца ключавым удзельнікам праекта па стварэнні новага расійскага «нафтавага Эльдарада» на тэрыторыі Саха-Якуціі.
Група «ФИД»
Нарэшце, яшчэ адзін беларускі гулец на расійскім нафтасэрвісным рынку — Група «ФИД». Гэты бізнес развіваюць былыя ўладальнікі і менеджары «Фидмаша».
Група «ФИД» — гэта таксама тэхналогіі і абсталяванне для павышэння эфектыўнасці нафтаздабычы (койлтюбінгавае, для гідраразрыву пласта і г.д.). У яе структуру ўваходзяць два прадпрыемствы ў Беларусі («Новинка» і «Натрикс») і пашыраная ў апошнія пару гадоў вытворчая (завод «Машойл» у Ярцаве) і сэрвісная база («ДМТехнологии», «Койл-сервис») у Расіі. Адзін з ключавых кліентаў Групы «ФИД» — «Газпром».