Беларуская лекарка абвергла адзін з міфаў пра прастуду
9- 5.10.2025, 2:40
- 14,880
Ён датычыцца тэмпературы.
Павышаная тэмпература — толькі адзін з сімптомаў ВРВІ. Тэмпература можа быць, а можа і не быць, але чалавек усё адно хворы пры наяўнасці кашлю, насмарку, болю ў горле.
Міф аб адсутнасці імунітэту або адмове арганізма змагацца з хваробай пры прастудзе без тэмпературы ў каментары праекту 24health.by развеяла загадчыца кафедры дзіцячых інфекцыйных хвароб Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта, доктар медыцынскіх навук, прафесар Аксана Раманава.
Паводле яе слоў, рэспіраторныя вірусныя інфекцыі могуць быць выкліканыя больш як 300 узбуджальнікамі. Пры гэтым некаторыя могуць суправаджацца павышэннем тэмпературы, але большасць — не. Што да павышэння тэмпературы пры прастудзе, дык гэта рэакцыя арганізма, і яна сведчыць, што ідзе выпрацоўка вялікай колькасці цытакінаў — бялкоў імуннай сістэмы, якія забяспечваюць міжклеткавыя ўзаемадзеянні.
«Судзіць па ёй пра трываласць імунітэту або рабіць высновы, ці змагаецца арганізм з інфекцыяй, не варта. Ёсць рэакцыя — будзе тэмпература, няма рэакцыі — тэмпературы не будзе», — адзначыла Аксана Раманава.
Прафесар адзначыла, што тэмпература павышаецца толькі ў аднаго з пяці хворых на ВРВІ.
Паводле слоў Аксаны Раманавай, часцей за ўсё адсутнасць павышанай тэмпературы цела ўласцівая прастудным вірусным захворванням, калі ёсць насмарк, кашаль, боль у горле і слабасць. Аднак, калі тэмпература падскочыла і ёсць гэтыя пералічаныя сімптомы, то можна падазраваць грып, адэнавірусныя інфекцыі, энтэравірусы.
Аксана Раманава падкрэсліла, што адсутнасць тэмпературы пры прастудзе не азначае, што чалавек не заразны. Захварэлі — заставайцеся дома і лячыцеся.