Навукоўцы высветлілі, чым ківі карысны для здароўя
5- 29.10.2025, 13:39
- 2,912
Фрукт паляпшае страваванне, стабілізуе цукар і абараняе арганізм ад запаленняў.
Ківі — адзін з тых фруктаў, які складана не палюбіць: свежы, духмяны, з лёгкай кіслінкай і мноствам вітамінаў. За сваім сціплым вонкавым выглядам ён хавае сапраўдную скарбніцу пажыўных рэчываў, здольных падтрымліваць здароўе ўсяго арганізма.
Ён карысны для страўнікава-кішачнага тракту, сардэчна-сасудзістай і імуннай сістэм, што пацвярджаюць даследаванні. Ківі таксама можа паляпшаць узровень цукру ў крыві дзякуючы ўтрыманню клятчаткі, піша VeryWell Health.
Што, калі штодня есці ківі — уплыў на цукар у крыві
Гэты фрукт не проста смачны перакус, а сапраўдны прыродны «мультывітамін», у якім спалучаюцца вітамін C, антыаксіданты і клятчатка.
Клятчатка
Ужыванне ківі можа выклікаць часовае павышэнне ўзроўню цукру ў крыві, але гэта не абавязкова дрэнна. «Гэта нармальна — і неабходна — каб узровень цукру ў крыві павышаўся пасля ўжывання садавіны або любых іншых прадуктаў, якія змяшчаюць вугляводы», — заявіла дыетолаг, магістр навук Аліса Рамсі, аўтарка кнігі Unapologetic Eating і заснавальніца кансалтынгавай кампаніі Rumsey Nutrition Consulting.
Павышэнне ўзроўню цукру ў крыві сігналізуе пра выдзяленне інсуліну, які дапамагае нашаму арганізму засвойваць глюкозу з ежы і ператвараць яе ў энергію. Аднак клятчатка ў ківі дапамагае змякчаць скачок цукру ў крыві, дадала яна. Каб атрымаць яшчэ больш клятчаткі, ешце ківі разам са скуркай.
Нізкі глікемічны індэкс
Растваральная клятчатка, якая змяшчаецца ў ківі, дапамагае запавольваць страваванне і кантраляваць хуткасць, з якой цукар паступае ў крывацёк, сказала дыетолаг Шарліз Дэль Росарыё, спецыялістка бальніцы USC Verdugo Hills Hospital, што ўваходзіць у сістэму Keck Medicine of USC.
«Ківі лічыцца прадуктам з нізкім глікемічным індэксам, што азначае, што ён выклікае больш умеранае і стабільнае павышэнне ўзроўню цукру ў крыві ў параўнанні з іншымі прадуктамі», — дадала Дэль Росарыё.
Аднак няма нічога ў самім ківі, што непасрэдна зніжала б узровень цукру ў крыві. Важна разумець, што харчаванне, багатае на клятчатку — такую, як у ківі — звязана з паляпшэннем паказчыкаў здароўя і зніжэннем рызыкі захворванняў, дадала дыетолаг з Таронта Эббі Лангер, заснавальніца Abby Langer Nutrition.
Антыаксіданты
Ківі таксама змяшчае антыаксіданты, уключаючы вітамін C, якія могуць станоўча ўплываць на рэгуляцыю ўзроўню цукру ў крыві, сказала Дэль Росарыё. «Аднак неабходныя дадатковыя доказы, каб пацвердзіць гэтае сцверджанне», — дадала яна.
Спалучэнне ківі з бялкамі і тлушчамі таксама дапамагае стабілізаваць узровень цукру ў крыві пасля ежы. Напрыклад, паводле слоў Рамсі, ужыванне ківі разам з грэчаскім ёгуртам і арэхавым маслам можа дапамагчы змякчыць скачок цукру ў крыві.
Галоўнае памятаць, што празмернае ўжыванне якога-небудзь аднаго прадукту — кепская ідэя. Занадта вялікая колькасць ківі можа выклікаць праблемы са страваваннем, такія, як уздуцце, дыярэя або ваніты.