Еўропа стварае лазерную зброю для знішчэння рояў дронаў
2- 28.10.2025, 19:13
- 3,496
Праект скіраваны на стварэнне цалкам еўрапейскай сістэмы.
Еўрапейскія абаронныя кампаніі Rohde & Schwarz і TRUMPF аб’ядноўваюцца для распрацоўкі сістэмы супрацьдзеяння дронам, здольнай нейтралізаваць малыя і буйныя беспілотныя лятальныя апараты. Гэта зброя спалучае датчыкі выяўлення і сачэння — радары і спектральны маніторынг — з высокаэнергетычным накіраваным лазерам. Асноўная мэта праекта — абарона крытычнай інфраструктуры і забароненых паветраных прастораў ад пранікнення дронаў, піша The National Interest (пераклад — сайт Charter97.org).
Праект скіраваны на стварэнне цалкам еўрапейскай сістэмы, якая не залежыць ад пастаўшчыкоў па-за межамі кантынента. Плануецца пабудаваць шматузроўневую абарону: спачатку дрон выяўляецца і класіфікуецца, потым паражаецца лазерам. Сэнсарную частку забяспечвае Rohde & Schwarz, лазерную — TRUMPF.
Прычына неабходнасці новай зброі відавочная: расійскія дроны становяцца сур’ёзнай пагрозай. Іх цяжка адсочваць і знішчаць існуючымі сістэмамі СПА, яны могуць весці разведку, наносіць дакладныя ўдары і здзяйсняць сабатаж інфраструктуры. Танны дрон можа прымусіць еўрапейскіх абаронцаў выкарыстоўваць дарагія перахопнікі, што стварае дысбаланс. Лазерная сістэма дазваляе хутка перанакіроўваць агонь, мінімізаваць разбурэнні і патэнцыйна паражаць адразу цэлы рой дронаў.
Аднак пакуль невядомыя ўсе характарыстыкі. Невядомыя дакладная магутнасць лазера, яго эфектыўная дальнасць і здольнасць адначасова паражаць некалькі цэляў. Лазеры адчувальныя да надворных умоў, дыму і іншых фактараў, і пакуль няма інфармацыі пра тое, як інжынеры ўлічылі гэтыя абмежаванні.
Цікава, што сістэмы распрацоўваюцца не толькі для вайсковых, але і для грамадзянскай інфраструктуры — аэрапортаў і ключавых аб’ектаў.