Яшчэ адзін тэатр, які працаваў толькі па-беларуску, пачаў ставіць спектаклі па-руску
18- 26.10.2025, 11:56
- 7,650
Прэм’ера адбылася 25 кастрычніка.
Віцебскі тэатр «Лялька», які дагэтуль працаваў толькі па-беларуску, пачаў ставіць спектаклі па-руску. 25 кастрычніка 2025 года там адбылася прэм’ера пастаноўкі «Дзяўчынка і мядзведзь», якая ідзе па-руску, піша «Зеркало».
Спектакль паставіла актрыса Дар’я Зімніцкая, якая нядаўна стала мастацкай кіраўніцай тэатра.
Тэатр «Лялька» быў створаны ў 1986-м. З таго часу гэтую пасаду займаў Віктар Клімчук, пры якім спектаклі ставіліся толькі па-беларуску. У 2024-м яму давялося сысці з пасады. Як паведамлялі рэдакцыі нашы крыніцы, Клімчука абвінавацілі ў невыкананні планаў, пастаўленых перад тэатрам. Пры гэтым за гэтую задачу нясе адказнасць не мастацкі кіраўнік, а дырэктар калектыву. Клімчуку вынеслі вымову, што і прывяло да яго сыходу.
Да прэм’еры спектакля «Дзяўчынка і мядзведзь» сярод 28 прафесійных тэатраў Беларусі ўсяго чатыры працавалі выключна па-беларуску: Купалаўскі і РТБД (у Мінску), Коласаўскі і «Лялька» (у Віцебску). Цяпер такіх тэатраў засталося трое. Акрамя таго, у жніўні 2025-га пра планы ставіць спектаклі і па-руску заявілі ў РТБД. У выпадку рэалізацыі гэтай ідэі ў краіне застануцца ўсяго два беларускамоўныя калектывы.