Лукашэнку хаваюць з-за пагаршэння здароўя?
16- 25.10.2025, 9:47
- 20,982
Для дыктатара прыдумваюць фэйкавую «актыўнасць».
СМІ ўжо не раз паведамлялі, што Аляксандр Лукашэнка з-за праблем са здароўем шмат гадоў спрабуе зрабіць сабе выходны ў сераду, дадаткова да суботы і нядзелі. Яго прэс-служба да нядаўняга часу стандартна ў гэты дзень паведамляла пра «працу з дакументамі». Але з кастрычніка сітуацыя змянілася. Цяпер Лукашэнка па серадах «прымае чыноўнікаў». Аднак гэтыя сустрэчы для яго выглядаюць нетыпова і дзіўна, піша «Зеркало».
Серада — дзень «папяровай працы»
Тое, што Лукашэнка стараецца адпачываць у сярэдзіне тыдня, заўважылі яшчэ чатыры гады таму. Тады журналісты вывучылі яго графік і прыйшлі да высновы, што серада — самы свабодны дзень яго працоўнага тыдня. А ў выходныя ён, за рэдкім выключэннем, таксама адпачывае.
Яго прэс-служба, як правіла, паведамляла, што дыктатар «працуе з дакументамі».
Так было аж да апошняга часу. Напрыклад, у сераду, 27 жніўня, на сайце Лукашэнкі з’явілася паведамленне, што ён павіншаваў «народ Малдовы» з Днём незалежнасці. Праз тыдзень, 10 верасня, яго прэс-служба паведаміла, што дыктатар накіраваў віншаванне з днём нараджэння Ларысе Доліне і падпісаў некалькі ўказаў. У сераду, 24 верасня, ніякай актыўнасці ўвогуле не было, а 1 кастрычніка зноў толькі папяровая праца — віншаванні і падпісанне дакументаў.
Сустрэчы з Лукашэнкам, якога ніхто не бачыць
Аднак у апошнія тры тыдні падыход змяніўся. Цяпер па серадах беларусам паведамляюць, што Лукашэнка прымае чыноўнікаў з дакладамі. Пасля тыя распавядаюць падрабязнасці прапагандыстам дзяржСМІ. Вось толькі кадраў з тых сустрэч, на якіх быў бы зафіксаваны Лукашэнка, людзям не паказваюць. Хоць у іншыя дні «Пул Першага» выкладае мноства фота і відэа пра тое, як іх шэф, не саромеючыся ў выразах, вучыць працаваць чыноўнікаў і сілавікоў.
Напрыклад, у сераду, 8 кастрычніка, прэс-служба паведаміла, што Лукашэнка «выслухаў шэраг дакладаў». Сярод дакладчыкаў былі міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў, дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вольфовіч і кіраўнік спраў Лукашэнкі Юрый Назараў. Тэлеграм-канал «Пул Першага» апублікаваў відэа з Горлавым і Вольфовічам. Лукашэнку не паказалі.

Сітуацыя паўтарылася праз тыдзень. 15 кастрычніка, паводле афіцыйных паведамленняў, Лукашэнка сустрэўся з прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным і Аляксандрам Вольфовічам. І зноў — ніякіх фота, «Пул Першага» размясціў толькі відэа з чыноўнікамі.
Не паказалі і ў сераду, 22 кастрычніка, Аляксандра Лукашэнку. У гэты дзень, як запэўнівае яго прэс-служба, дыктатар выслухаў даклады кіраўніка яго адміністрацыі Дзмітрыя Крутога і старшыні «савета рэспублікі» Наталлі Качанавай. Як не складана здагадацца, фотаздымкаў з гэтых сустрэч няма. Перад прапагандыстамі дзяржСМІ выступіў Крутой.
Падобна, што дыктатар і праўда выкарыстоўвае чыноўнікаў, каб усе думалі, што ён «працуе». Але насамрэч свайму шматгадоваму «графіку», дзе серада — выходны, ён не змяняе.