Reddit падала ў суд на кампанію, заснаваную беларусам
9- 24.10.2025, 14:21
- 4,956
У чым яе абвінавачваюць?
Кампанія Reddit падала ў суд на ШІ-стартап з беларускімі каранямі Perplexity, а таксама на тры сэрвісы для збору даных — SerpApi, Oxylabs і AWMProxy. Падрабязнасці паведамляе выданне The Verge, піша Office life.
Стартап і «трох пастаўшчыкоў паслуг для збору даных» абвінавачваюць у незаконным абыходзе абароны інфармацыі ў прамысловых маштабах. У іску сказана, што яны «не спыняцца ні перад чым, каб здабыць каштоўны кантэнт Reddit, абаронены аўтарскім правам».
Reddit увогуле прыраўнала гэтыя сэрвісы да «патэнцыйных рабаўнікоў банкаў», якія, «ведаючы, што не змогуць трапіць у банкаўскае сховішча, замест гэтага ўзламваюць браняваны грузавік з грашыма». А Perplexity, паводле слоў прадстаўнікоў Reddit, з’яўляецца кліентам «прынамсі адной» з гэтых кампаній.
У іску таксама адзначаецца, што яшчэ ў маі 2024 года Reddit накіравала Perplexity ліст з патрабаваннем спыніць збор даных з пляцоўкі. ШІ-стартап адказаў на гэта, што не выкарыстоўвае кантэнт Reddit для навучання мадэляў штучнага інтэлекту. Але ў выніку, паводле слоў прадстаўнікоў Reddit, сітуацыя толькі пагоршылася.
Са свайго боку Perplexity, каментуючы сітуацыю з іскам, чарговы раз заявіла, што не навучае мадэлі штучнага інтэлекту на аснове кантэнту.
Улетку брытанская тэлерадыёкампанія BBC накіравала ліст ШІ-стартапу Perplexity з патрабаваннем спыніць збор кантэнту з яе сайтаў. Інакш кампаніі пагражалі судом. Раней Forbes і Wired таксама абвінавачвалі стартап у крадзяжы кантэнту, а The New York Times накіравала паведамленне аб спыненні выкарыстання свайго кантэнту.
Нагадаем, нядаўна Perplexity запусціла ШІ-рэпетытара для вывучэння замежных моў, пасля чаго абваліла акцыі Duolingo.