Амаль 200 населеных пунктаў пад Мінскам засталіся без святла
5- 24.10.2025, 11:03
- 4,978
Пра гэта паведамілі ў Мінэнерга.
Учора ўвечары з'явілася інфармацыя пра тое, што ў Дзяржынску і Дзяржынскім раёне, а таксама ў аграгарадках Рубяжэвічах і Дзераўной Стаўбцоўскага раёна адбыліся перабоі з падачай электраэнергіі. У Мінэнерга паведамілі, што прычынай сталі аварыйныя адключэнні на падстанцыі 110 кВ «Дзяржынск» і сямі падстанцыях 35 кВ.
У выніку інцыдэнту без святла засталіся 197 населеных пунктаў, уключаючы жылыя дамы, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, катэльні і аб'екты першай і другой катэгорый энергазабеспячэння.
Для ўстаранення наступстваў аварыі і як мага хутчэйшага аднаўлення электразабеспячэння энергетыкамі былі задзейнічаны рамонтныя брыгады і спецыялізаваная тэхніка.
У першую чаргу спецыялісты аднавілі электразабеспячэнне раённай бальніцы. Паведамленне пра тое, што электразабеспячэнне спажыўцоў Дзяржынскага і Стаўбцоўскага раёнаў поўнасцю адноўлена, з'явілася ў афіцыйным тэлеграм-канале ведамства сёння каля першай гадзіны ночы.