Самы хуткі ў свеце суперкар ад BYD адзначыўся новым рэкордам
10- 22.10.2025, 11:15
- 4,750
Апублікавана відэа фенаменальнага заезду.
Новы BYD Yangwang U9 Xtreme працягвае біць сусветныя рэкорды. На гэты раз суперкар стаў найхутчэйшым электрамабілем на Нюрбургрынгу.
Суперкар BYD Yangwang U9 Xtreme прайшоў 20,8-кіламетровы круг славутага аўтадрома за 6 хвілін 59,157 секунды. Дасягненне было зафіксавана персаналам трасы і прадстаўнікамі арганізацыі TÜV, якая адказвае за тэхагляд у Германіі. Відэа рэкорднага заезду апублікавалі на афіцыйным YouTube-канале Нюрбургрынга.
Электрамабіль BYD Yangwang U9 Xtreme прыкладна на 5 секунд палепшыў дасягненне, устаноўленае іншай кітайскай мадэллю Xiaomi SU7 Ultra. Таксама ззаду засталіся магутныя электрамабілі Rimac Nevera (7:05.29) і Porsche Taycan Turbo GT (7:07.55). Аднак да абсалютнага рэкорду, усталяванага суперкарам Mercedes-AMG One (6:29.09), BYD не дацягнуў.
Дарэчы, варта адзначыць, што новы BYD Yangwang U9 Xtreme значна магутнейшы за ўсіх канкурэнтаў, бо абсталяваны чатырохрухавіковай устаноўкай на 3000 конскіх сіл.

Суперкар BYD Yangwang U9 Xtreme здольны разганяцца да 100 км/г за 2,36 с і пераадолець ¼ мілі (402 м) з месца за 9,78 с. Нядаўна ён дасягнуў 496 км/г, то бок гэта самы хуткі аўтамабіль у свеце. З батарэяй на 80 кВт∙г запас ходу складае 450 км.
Усяго выпусцяць 30 такіх суперкароў. Кошт BYD Yangwang U9 Xtreme складае 250 000 долараў.