Ілон Маск абвясціў пра стварэнне канкурэнта Вікіпедыі
17- 2.10.2025, 22:38
- 3,014
Мільярдэр паведаміў, што Grokipedia будзе «значным паляпшэннем» у параўнанні з існуючым рэсурсам.
Ілон Маск абвясціў пра працу над Grokipedia — новым праектам анлайн-энцыклапедыі, які павінен «знішчыць» Вікіпедыю.
Мільярдэр напісаў, што Grokipedia будзе «значным паляпшэннем» у параўнанні з існуючым рэсурсам і зможа выправіць так званыя «асноўныя недахопы». Як вядома, Маск даўно канфліктуе з Вікіпедыяй, напрыклад, ён публічна абураўся з-за аднаго артыкула. У ім гаварылася пра нібыта нацысцкі жэст Ілона Маска на інагурацыі Дональда Трампа. Бізнесмен нават заклікаў спыніць фінансаванне, што, лагічна, не адбылося. Таму разам са сваім стартапам xAI ён пачаў працаваць над канкурэнтам Grokipedia.
Асновай Grokipedia стане чат-бот Grok, распрацаваны xAI як альтэрнатыва ChatGPT і вядомы сваёй анімэ-вайфу. Grok трэніраваўся на адкрытых дадзеных з інтэрнэту, уключаючы публічныя твіты. Паводле слоў Маска, яго будучы сэрвіс здольны не толькі паўтараць працу тых, хто абнаўляе Вікіпедыю, але і выпраўляць недахопы іх працы.
«Grok выкарыстоўвае магутныя вылічэнні для аналізу, напрыклад, старонкі Вікіпедыі — вызначае, што там праўдзівае, часткова праўдзівае, ілжывае або прапушчанае. Затым перапісвае старонку: выпраўляе, выдаляе няпраўду, дадае кантэкст», — запэўнівае Ілон Маск.