7 снежня 2025, Нядзеля, 21:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка дайграўся

31
Лукашэнка дайграўся

Кітайцы запусцілі маршрут у абыход беларуска-польскай мяжы.

«Перш за ўсё на транзіце страціў Кітай», — заявіў у эфіры беларускага тэлебачання ў мінулую нядзелю кіраўнік Дзяржаўнага мытнага камітэта Уладзімір Арлоўскі. Паспяшыў палічыць грошы ў кішэні нашага стратэгічнага саюзніка. А той, відаць, іх ужо даўно палічыў. І напрыканцы мінулага тыдня запусціў новы чыгуначны маршрут у Еўразвяз. Састаў не ідзе праз Польшчу. Але не ідзе і праз Беларусь. І цяпер калегу Арлоўскага пара палічыць, колькі будзе страчваць Беларусь на недаатрыманым транзіце, піша planbmedia.io.

Міма Польшчы і Беларусі

Пра запуск новага маршруту ў абыход Беларусі і Польшчы, якія нядаўна амаль на два тыдні паралізавалі кітайскі чыгуначны транзіт у Еўразвяз, паведаміла агенцтва «Сіньхуа».

Цягнік, загружаны аўтазапчасткамі, лічбавымі прыладамі і таварамі FMCG, 26 верасня адправіўся з горада Сіань. Ён праедзе праз Казахстан і Расію і прыбудзе ў Санкт-Пецярбург, праінфармавала дзяржаўнае агенцтва. І гэта стала адной з галоўных навін дня. У Пецярбургу адбудзецца перавалка кантэйнераў на марскія суда, якія даставяць іх Балтыйскім морам у Гамбург. А з нямецкага порта яны накіруюцца ў іншыя рэгіёны Еўропы — Дуйсбург, Будапешт і г.д.

Як шматзначна гаворыцца ў паведамленні «Сіньхуа», «надалей Сіаньскае аддзяленне Кітайскай дзяржаўнай чыгуначнай карпарацыі павялічыць частату адпраўлення рэйсаў, распрацуе новыя маршруты і новую прадукцыю ў адпаведнасці з рыначным попытам, каб забяспечыць дастатковую гарантыю прапускной здольнасці для пабудовы новай архітэктонікі развіцця ў Еўразіі».

Сіаньскі перадзел

Што яшчэ павінна трыгерыць беларускія ўлады (польскія — таксама) у паведамленні «Сіньхуа»? Паводле даных Eurasian Rail Alliance, якая прааналізавала кантэйнерныя перавозкі па еўразійскім напрамку (праз Казахстан, Расію і Беларусь), у 2024 годзе на гэты напрамак прыпадала 88,6% транзітнага кантэйнернага патоку паміж Кітаем і Еўразвязам. Кошт грузаў (лідзіруюць электрычныя прылады, механічнае абсталяванне, аўтатэхніка і трыкатаж), перавезеных па ім, вырас на 84,9% і дасягнуў 29,4 млрд долараў. Гэта ўжо 3,7% у агульным тавараабароце Кітая з Еўропай.

Як падлічылі эксперты Eurasian Rail Alliance, у 2024 годзе ў заходнім напрамку (Кітай — ЕС) было перавезена 372,6 тыс. ДФЭ (дваццаціфутавы эквівалент), а ў зваротным — 56,9 тыс. ДФЭ.

Дык вось, 25% гэтых грузаў — гэта якраз маршрут Сіань — Малашэвічы. Сіань з’яўляецца стрыжневай кропкай адпраўлення кітайскіх грузаў у Еўропу. Ён таксама стрыжневая кропка атрымання еўрапейскіх тавараў у Кітаі. Найбольш грузаў у зваротным напрамку летась прайшло па маршруце Дуйсбург — Сіань (8 730 ДФЭ).

Рашэнне аб запуску новага маршруту, вядома, прымалася не як адказ на закрыццё мяжы. Але яно апынулася дарэчы. Несумненна, такі варыянт кітайскія ўлады дапускалі, тым больш праз Малашэвічы праходзіць амаль 85% іх чыгуначных грузаў у Еўропу. Занадта вялікі працэнт, каб залежаць ад таго, што там адбываецца паміж двума суседзямі, якія не надта любяць адзін аднаго.

Пакуль невядома, наколькі эканамічна будзе апраўданы новы маршрут, у якім з’явілася марское звяно, хаця без пагроз з боку хусітаў, але з павялічаным коштам паслуг за перавозку. Але калі яго эфектыўнасць будзе даказаная сіаньскімі чыгуначнікамі і лагістамі, то прыклад можа стаць заразным для астатніх хабаў Кітая (Чунцына, Чэнду, Чжэнчжоу і інш.). Якім таксама патрэбная прадказальнасць у раёне беларуска-польскай мяжы.

Напісаць каментар 31

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках