Украінскі «Міратворца» просіць прыцягнуць да адказнасці Сяргея Ціханоўскага
46- 19.10.2025, 21:41
- 63,170
Фота: Yauhen Yerchak/Anadolu via Getty Images
У чым прычына.
Цэнтр «Міратворца» на сваім афіцыйным сайце абнавіў інфармацыю адносна экс-палітвязня Сяргея Ціханоўскага і абвінавачвае яго ў здзяйсненні «свядомых дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі Украіны, міру, бяспекі чалавецтва і міжнароднага правапарадку». Гэта паведамленне цэнтр просіць разглядаць як заяву пра здзяйсненне злачынства ў праваахоўныя органы Украіны, заўважыў «Белсат».
На сайце ўказана, што Сяргей Ціханоўскі парушыў дзяржаўную мяжу Украіны, калі наведваў акупаваны расійскімі войскамі Крым, а гэта трактуецца як спроба легалізацыі акупацыі Аўтаномнай Рэспублікі Крым расійскімі захопнікамі.
Яшчэ ў 2014 годзе Сяргей Ціханоўскі актыўна падтрымліваў захоп і акупацыю Крыму, адзначаецца ў паведамленні. У 2017 годзе, паводле сцвярджэнняў «Міратворца», ён незаконна пранік на тэрыторыю акупаванага Крыму і дэманстратыўна заявіў: «Крым наш».
Сам Сяргей Ціханоўскі пасля выхаду з турмы неаднаразова падкрэсліваў, што ён на баку Украіны ў вайне супраць расійскіх агрэсараў.
Нагадаем, што першапачаткова яго ўключылі ў базу цэнтра «Міратворца» яшчэ ў 2020 годзе за наведванне Крыму.