Ці будзе ШІ бяссрэбранікам?
13- 16.10.2025, 12:01
- 2,036
Правакацыйнае пытанне выклікала дыскусію.
Ці можа штучны інтэлект калі-небудзь запатрабаваць аплату за сваю працу? Гэта правакацыйнае пытанне абмяркоўваюць даследчыкі, філосафы і юрысты, разважаючы пра будучыню генератыўнага штучнага інтэлекту — сістэмы, супастаўнай з чалавекам паводле ўзроўню мыслення, піша часопіс Forbes (пераклад — сайт Charter97.org).
Прыхільнікі ідэі сцвярджаюць: калі ШІ дасягне свядомасці і самасвядомасці, адмова плаціць яму будзе неэтычнай. Такі інтэлект, здольны разважаць, дапамагаць людзям і прымаць рашэнні, тэарэтычна мог бы патрабаваць узнагароду — не толькі для «выжывання» на серверах, але і як форму прызнання.
Праціўнікі лічаць гэта абсурдам: ШІ — усяго толькі машына. «Плаціць ШІ — тое самае, што аплачваць працу тостэра», — жартуюць скептыкі. Бо без пачуццяў і патрэбаў грошы для машыны бессэнсоўныя.
Аднак, калі чалавецтва надасць ШІ прававы статус, сітуацыя можа змяніцца. Тады ў ШІ з’явяцца не толькі «даходы», але і абавязкі — напрыклад, магчымасць быць прыцягнутым да суда за памылкі. У такім выпадку ШІ мог бы сам абараняць сябе ў судзе, валодаючы ведамі юрыста.
Некаторыя футуролагі папярэджваюць, што інтэлект, які мае доступ да лічбавых фінансаў, можа сам «зарабляць» грошы — узламваючы рахункі, ствараючы фіктыўныя кампаніі або кіруючы капіталам у цені. Іншыя баяцца, што багаты ШІ зможа ўплываць на эканоміку, набываючы прадпрыемствы і размеркоўваючы рэсурсы паводле ўласнага меркавання.
Галоўнае пытанне застаецца адкрытым: хто вырашыць, ці заслугоўвае ШІ аплаты — мы ці ён сам? Бо, як казаў пісьменнік Марк Твэн, «нястача грошай — корань усяго зла». Магчыма, у эпоху разумных машын гэтая фраза набудзе жахліва літаральнае значэнне.