У Лондане з’явяцца першыя беспілотныя таксі
- 15.10.2025, 22:29
- 1,742
Ужо ў наступным годзе.
Кампанія Waymo плануе ў наступным годзе выйсці на рынак Лондана, запусціўшы першыя робатаксі. Пра гэта піша выданне The Independent.
У публікацыі адзначаецца, што тэставаць беспілотныя таксі на вуліцах Лондана кампанія пачне ўжо ў найбліжэйшыя тыдні. На час тэставых паездак за рулём будзе сядзець кіроўца-дублёр. Такім чынам Waymo мае намер атрымаць адабрэнне брытанскіх уладаў. Калі яно будзе атрымана, то ўжо з 2026 года ў Лондане будзе запушчана першае робатаксі.
Мяркуецца, што парк аўтамабіляў будзе складацца з электрамабіляў Jaguar I-PACE. Аналітыкі рынку прагназуюць, што даход ад робатаксі можа дасягнуць $136 млрд да 2046 года.
Waymo займаецца распрацоўкай беспілотных аўтамабіляў з 2009 года. Многія гады падобны сэрвіс таксі працуе ў Сан-Францыска, Осціне, Фініксе і Лос-Анджэлесе. У 2025 годзе кампанія ўпершыню выйшла на міжнародны рынак, аб’яднаўшыся з мясцовымі партнёрамі ў Японіі.