Беларускі гурт Molchat Doma ідзе на Грэмі
1- 15.10.2025, 13:56
- 2,074
Мінскі гурт упершыню можа трапіць у спіс намінантаў.
Альбом «Белая Паласа» мінскага гурта Molchat Doma пададзены на разгляд у катэгорыі Best Alternative Album, а трэк «Сон» — у катэгорыі Best Alternative Performance прэміі Грэмі.
Пакуль гэта не афіцыйныя намінацыі, а толькі першы этап галасавання — For Your Consideration, піша «Клік».
На гэтай стадыі рэлізы дапускаюцца да ўдзелу і трапляюць у бюлетэні першага тура для сябраў Recording Academy, якія і вызначаюць шорт-ліст намінантаў.
Заяўкі на ўдзел звычайна афармляюць лейблы артыстаў. Для Molchat Doma гэта важны крок і магчымасць упершыню трапіць у спіс намінантаў на галоўную музычную прэмію свету.
Molchat Doma — беларускі гурт з Мінска, заснаваны ў 2017 годзе. Іх музыка спалучае постпанк, сінтыпоп і халодную хвалю, а тэксты — змрочныя і меланхалічныя — часта звяртаюцца да тэм адзіноты і паўсядзённасці.
Molchat Doma выдаюцца на амерыканскім інды-лейбле Sacred Bones Records і рэгулярна гастралююць па Еўропе і ЗША.