10 студзеня 2025, Пятніца, 5:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Камунарка» будзе выпускаць «дубайскія» цукеркі

7
«Камунарка» будзе выпускаць «дубайскія» цукеркі

Паводле арыгінальнага рэцэпту.

На кандытарскай фабрыцы «Камунарка» анансавалі навінку: у 2025 годзе там пачнуць вырабляць цукеркі «Дубайскія» паводле арыгінальнага рэцэпту, паведамляе Telegraf.news.

– У 2025 годзе беларусаў чакае навінка – цукеркі «Дубайскія». Рэцэпт будзе арыгінальны, нічога мяняць не станем, – паабяцала галоўная тэхналагічка СААТ «Камунарка» Ірына Мацыгуд.

Яна дадала, што карыстальнікі TikTok і Instagram даўно просяць вырабляць шакалад з мятай і на прадпрыемстве «працуюць над гэтым пытаннем».

У 2024 годзе сацыяльныя сеткі перапоўніліся відэа і публікацыямі пра дубайскі шакалад. І хоць бум ужо мінуў, дэсерт час ад часу перыядычна ўспамінаюць, а таксама спрабуюць паўтарыць рэцэпт.

Дубайскі шакалад – гэта хрумсткая слодыч, якая ўключае ў сябе малочны шакалад, цеста катаіфі ў выглядзе тонкіх нітак, фісташкавую або кунжутную пасту. Арыгінальныя пліткі вырабляюць уручную ў кампаніі з ААЭ Fix Dessert Chocolatier.

Папулярнасць дубайскага шакаладу, верагодна, абумоўленая незвычайнымі інгрэдыентамі, хрумсткім начыннем і даволі высокім коштам. Напрыклад, на сайце вытворцы адразу 6 штук на 200 грамаў прадаюць за 120 даляраў. Гэта значыць 1 плітка каштуе 20 даляраў.

Пакаштаваць беларускія прысмакі ласуны змогуць не ўсюды: праз кароткі тэрмін прыдатнасці (усяго два тыдні) плануецца, што яны з'явяцца толькі ў фірмовых кавярнях прадпрыемства. У Менску іх больш за ўсё – восем. Адну кавярню маюць Гародня, Бабруйск і Берасце.

Кошт «дубайскіх» цукерак на «Камунарцы» журналістам не раскрылі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках