Прэзідэнтам Лівана стаў камандзір войскаў, якога падтрымліваюць ЗША
1- 9.01.2025, 18:17
- 2,700
Яго абралі пасля двух тураў галасавання ў парламенце.
У Ліване парламент абраў новага прэзідэнта. Краіну ўзначаліў камандзір ліванскага войска Джозэф Аун.
Пра гэта паведамляе CNN.
Як піша выданне, Ауна абралі прэзідэнтам пасля двух тураў галасавання ў парламенце. ЗША і Саудаўская Аравія актыўна прасоўвалі яго на гэтую пасаду.
Пасля таго як Аун быў абвешчаны прэзідэнтам, ён фактычна перастаў быць часткай войска. Ён прыбыў у парламент, каб прыняць прысягу ў якасці прэзідэнта, апрануты ў цывільнае адзенне.
CNN нагадвае, што ў Ліване не было прэзідэнта з таго часу, як у кастрычніку 2022 года скончыўся тэрмін паўнамоцтваў былога прэзідэнта Мішэля Ауна (ён не з'яўляецца сваяком Джозэфа Ауна). Былога прэзідэнта падтрымлівалі баевікі «Хезбалы».
Да сённяшніх парламенцкіх пасяджэнняў за апошнія два гады было 12 няўдалых спробаў абраць прэзідэнта.
Выданне ўдакладняе, што партыя «Хезбала» і яе галоўны хаўруснік «Амаль» падтрымалі Ауна ў другім туры. У першым туры яны за камандзіра войска не галасавалі. У другім туры Аун набраў 99 галасоў са 128.
Спыненне агню паміж Ізраілем і «Хезбалой»
Як піша CNN, спрыяла правядзенню выбараў у Ліване спыненне агню паміж Ізраілем і «Хезбалой».
У пачатку кастрычніка Ізраіль у рамках вайны з баевікамі ўварваўся ў паўднёвую частку Лівана, каб знішчаць там аб'екты «Хезбалы».
Ужо 26 лістапада Ізраіль і Ліван дамовіліся аб спыненні агню. Ізраільскія вайскоўцы пачалі выходзіць з ліванскай тэрыторыі.