У Белгідрамеце назвалі самыя брудныя гарады ў Беларусі
8- 9.01.2025, 16:36
- 10,430
Перавышэнні канцэнтрацыі ў паветры цяжкіх металаў у асноўным насілі эпізадычны характар.
У 2024 годзе ва ўсіх гарадах Беларусі якасць атмасфернага паветра была даволі добрай, паведаміла кіраўніца службы экалагічнай інфармацыі Белгідрамета Алена Мельнік на прэс-канферэнцыі ў чацвер, піша smartpress.by.
Паводле ейных словаў, дзель перыядаў з здавальняльным, дрэнным або небяспечным узроўнем забруджвання паветра была нязначнай. Пераважна такія перыяды былі пры назапашванні метэаралагічных з'яваў, якія спрыяюць назапашванню забруджвальных рэчываў у паветры: штыль, слабы вецер, павышаны тэмпературны рэжым, прыземная інверсія і доўгая адсутнасць ападкаў.
Да праблемаў 2024 можна аднесці наступнае. Першае – гэта павелічэнне ўтрымання ў паветры цвёрдых часцінак, гэта значыць – пылу. У асноўным такое адбываецца ў вясновы і летні перыяды і звязана з дэфіцытам ападкаў.
Летась перавышэнні памежна дапушчальных канцэнтрацый цвёрдых часцінак у паветры фіксаваліся ў Гомелі, Берасці і Жлобіне.
Каб знізіць узровень пылу, у гарадах у такія перыяды арганізоўваюць паліў дарог – выводзяць на вуліцы палівальныя машыны, – адзначыла Мельнік.
Яшчэ адна праблема – павышэнне ўтрымання ў паветры дробнадысперснага пылу. Напрыклад, у Жлобіне ў 2024 годзе фіксавалася перавышэнне сярэднегадавога нарматыву ў 1,4 разу ў параўнанні з 2023 годам.
Трэцяя праблема – падвышанае ўтрыманне азоту дыяксіду (можа выклікаць: кашаль і дыхавіцу, раздражненне лёгкіх, зніжэнне функцыі лёгкіх) у Магілёве і Жлобіне.
Улетку ў краіне назіраўся высокі ўзровень забруджвання фармальдэгідам (праз яго можа з'явіцца сып на скуры, дыхавіца, кашаль, удушша, хрыпы, бранхіт, ацёк лёгкіх або пнеўманія). У асноўным ён утрымліваецца ў выкідах аўтатранспарту і прамысловых прадпрыемстваў, але не толькі.
Найбольш высокае агульнае сярэдняе ўтрыманне фармальдэгіду за год адзначалася ў Пінску, Бабруйску, Гародні і Берасці.
Да праблемаў якасці паветра можна аднесці і павышэнне ўтрымання ў ім прыземнага азону ў вясновы і летні перыяд, прадоўжыла прадстаўніца Белгідрамета. Увесну гэтая канцэнтрацыя ў асноўным мае прыродны характар (са стратасферы). А ўлетку ён, як і фармальдэгід, утвараецца як другаснае рэчыва ў выніку ўзаемадзеяння з іншымі рэчывамі.
– Перавышэнні канцэнтрацыі ў паветры іншых рэчываў, у тым ліку цяжкіх металаў, у асноўным насілі эпізадычны характар. Летась у сямі гарадах Беларусі ўвогуле не фіксавалася перавышэння нарматываў якасці паветра.
Гэта Салігорск, Баранавічы, Бабруйск, Барысаў, Ліда, Рэчыца і Светлагорск, – дадала Мельнік.