10 студзеня 2025, Пятніца, 0:10
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акадэмія навук праігнаравала Лукашэнку

20
Акадэмія навук праігнаравала Лукашэнку

Дыктатару ўжо шмат гадоў абяцаюць айчынны электрамабіль.

Загад Аляксандра Лукашэнкі пачаць з 1 студзеня 2025-га серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў не выкананы, піша сайт «Еўрарадыё». Пакуль размова ідзе аб выпуску «доследна-прамысловай партыі» з пяці электрамабіляў, паведаміў у часопісе «Экономика Беларуси» намеснік гендырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Бялевіч. Электрамабілі ствараюцца на базе аўтамабіля мадэлі Belgee X50.

Доследныя ўзоры планавалася вырабіць яшчэ ў канцы 2024 года (і трэба было правесці неабходныя выпрабаванні), але нешта пайшло не так. У выніку ў акрэсленыя Лукашэнкам тэрміны ўкласціся не ўдалося. Бялевіч кажа, што «працэс стварэння айчыннага электрамабіля знаходзіцца ў завяршальнай стадыі». Таму аб серыйнай вытворчасці гаворкі яшчэ няма, згадваецца без дакладнай даты 2025 год. «Стаіць задача палічыць, колькі ён каштавацьме ва ўмовах серыйнай вытворчасці», – кажа намеснік гендырэктара Аб'яднанага інстытута машынабудавання.

«Уся канструкцыя беларуская, мікраэлектроніка пакупная, вочкі для батарэі - кітайскія, метал - расейскі, - працягвае Аляксандр Бялевіч. - Батарэя, рухавік, інвертар, камутацыйны модуль, электроніка - айчынныя. У прынцыпе, можна сказаць, што электрамабіль беларускі па ўзроўні дададзенай вартасці».

Аляксандр Лукашэнка загадаў з пачатку 2025-га пачаць серыйную вытворчасць электрамабіляў год таму - у студзені 2024-га. «Вось вам год. Купляйце станок, які вам патрэбен, стаўце і пачынайце рабіць. Да 1 студзеня павінны выдаць вынік», - паставіў ён тады задачу ўраду, які прасіў больш часу - паўтара года.

Урад і Акадэмія навук ужо шмат гадоў абяцаюць Лукашэнку айчынны электрамабіль (і нават у 2022-м паказвалі дзіўны, недароблены яго варыянт). Увосень 2023 года ён западозрыў, што з гэтым праектам яго падманваюць. А летась з'явілася рабочая група па вывучэнні дзейнасці НАН.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках