9 студзеня 2025, Чацвер, 20:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Капітан ВМС Украіны: Расейцы пачынаюць «гуляць у Чапаева»

6
Капітан ВМС Украіны: Расейцы пачынаюць «гуляць у Чапаева»
Павел Лакійчук

Як адказаць на дыверсіі ў Балтыйскім моры?

У апошні час свет стаў сведкам серыі дыверсій. У Балтыйскім моры танкеры пашкоджваюць падводныя кабелі, а днямі аналагічны інцыдэнт здарыўся ля берагоў Тайваня.

Капітан ВМС Украіны I рангу, кіраўнік вайсковых праграм Цэнтра глабалістыкі «Стратэгія ХХI» Павел Лакійчук распавёў сайту Charter97.org, як можна рэагаваць на гэтыя атакі:

- Усе ведаюць, хто за гэтым стаіць, гэта відавочна не ІДІЛ. Размова ідзе аб больш тэхналагічных дзяржавах і структурах. Яшчэ ў 2007-м годзе расейскі генерал Герасімаў агучыў канцэпцыю непрамых дзеянняў, гэта так званая «дактрына Герасімава», канцэпцыя гібрыднай вайны, як яна потым атрымала сваю назву. Тады, магчыма, экспертнае асяроддзе не звярнула на яго ўвагі.

У рэальнасці мы зараз маем тое, што абяцаў Герасімаў. У чым перавага гібрыдных дзеянняў? Фактар нечаканасці. Ніхто не чакаў такіх дзеянняў. Далей што? Мы гаворым аб дыверсіях. Гэта відавочна, ёсць факт дыверсій на Балтыцы, і не толькі, а механізмаў рэагавання на іх проста няма.

Я нагадаю 2021-ы год, перадумовы былі і раней, але найбольш масаваны фокус, які пракруціла Расея ў Чорным моры, гэта была блакада Украіны з мора, гібрыдная блакада. Яна палягала ў тым, што расейцы ўзялі і абвясцілі чацвёртую частку мора адным вялізным палігонам, закрытай для мараплаўства зонай.

Прынцып закрыцця марскіх раёнаў ствараўся Міжнароднай марской арганізацыяй, міжнароднай супольнасцю, у мэтах забеспячэння бяспекі мараплаўства. Мы ўсе жадаем плаваць бяспечна. Для таго, каб цывільныя судны не патрапілі ў зону вучэнняў, каб па іх, груба кажучы, не прыляцела, нейкія месцы ў сусветным акіяне закрываюцца. Вайскоўцы пра гэта паведамляюць. Гэта ўсім у плюс.

А расейцы проста пераварочваюць дошку на гэтай шахматнай дошцы і пачынаюць «гуляць у Чапаева». Усе разумеюць, што гэта наўмысныя агрэсіўныя дзеянні, але яны ўкладаюцца ў тую канцэпцыю дзеянняў дзеля міру, дзеля бяспекі. Ніхто не ведае, што з гэтым рабіць. Калі расейцы пачнуць паўтараць такія дзеянні ў Балтыйскім моры, адказу на прэцэдэнт няма. Тое ж тычыцца дыверсій на трубаправодах, на кабелях сувязі, на электракабелях на дне мора.

І гэта ж не толькі да Балтыкі тычыцца. Нездарма шпіёнскае судна, расейскі гідраграф, які адзначаўся рэгулярна ў раёнах пракладкі кабеляў у Балтыйскім моры, лавілі ўжо і за Фарэра-Ісландскай мяжой у Атлантычным акіяне (лінія супрацьлодкавай абароны НАТА ў паўночнай Атлантыцы паміж Грэнландыяй, Ісландыяй і Вялікай Брытаніяй). А вось там якраз пралягае ільвіная доля тых самых трансатлантычных сетак. Яны не абароненыя і ніхто і не збіраўся іх абараняць, ніхто не мог падумаць аб такой пагрозе. Зараз давядзецца думаць.

- Калі казаць аб механізмах рэагавання, то для аховы падводнай інфраструктуры НАТА адпраўляе караблі ў Балтыйскае мора. Ці будзе гэта добрым адказам?

- Больш за тое, НАТА стварыла спецыяльны цэнтр рэагавання на пагрозы ў Балтыйскім моры. Ну, дапусцім, НАТА адправіла вайсковыя караблі на Балтыку. Далей што? Па Балтыйскім моры ходзяць цывільныя судны, прынамсі, яны пад цывільнымі сцягамі. На іх адбываюцца нібыта няштатныя сітуацыі. Усе разумеюць, што нельга страціць якар і цягнуць яго тры гадзіны!

Але тлумачэнне простае - «няштатная сітуацыя, страцілі якар, усе спалі, ну не заўважылі. Ну так, давядзецца кампенсаваць, напэўна, у гэтым канкрэтным выпадку». А што зробяць вайскоўцы? Я не ведаю, як рэагаваць на гібрыдныя пагрозы. Канцэпцыя Герасімава, канцэпцыя гібрыднай вайны, яна і мае на ўвазе тое, што трэба ствараць пагрозы, весці вайну тымі нетрадыцыйнымі спосабамі, супраць якіх няма імунітэту, няма спосабаў процідзеяння.

«Зялёныя чалавечкі» ў Крыме - гэта што было? Чаму ўвесь свет моўчкі глядзеў, як Расея акупуе Украіну? «Зялёныя чалавечкі» з «Ваенгандлю» прыляцелі з Марса? Гэта ж не расейская агрэсія? Пра тое, што гэта была расейская агрэсія, Пуцін прызнаўся праз два гады. Да таго ўсе проста ў шоку глядзелі, як «марсіяне» захопліваюць украінскую зямлю.

- Улічваючы, што традыцыйныя спосабы не працуюць супраць такіх гібрыдных нападаў, то які адказ мог бы быць максімальна эфектыўным?

- Як вайсковец я б параіў адзін спосаб, але гэта таксама не зусім правільны падыход, бо глабальная задума Пуціна - гэта зламаць усе магчымыя сістэмы, дамоўленасці, прымусіць на сілу адказваць сілай. У каго будзе больш сіл, той мае рацыю, а тая сістэма, якая базуецца на міжнародным праве, яна павінна пайсці ва ўтыль.

Напрошваецца, што ў адказ на дыверсійныя і тэрарыстычныя дзеянні павінны быць найболей эфектыўна супастаўныя ўдары. Але, напэўна, Пуцін гэтага і дабіваецца. Таму я не ведаю, што рабіць міжнароднай супольнасці, што рабіць Захаду. Яны самі выгадавалі гэтага монстра і працягваюць гадаваць, на жаль.

Захад спрабуе выкарыстоўваць розныя сімулякры, якія, магчыма, могуць на нейкі час прыпыніць рост гэтых метастаз, але гэта як рак лячыць? Калі вы прыпыняеце рост пухліны, яна расце, але не так хутка, але ўсё адно яна пажырае арганізм.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках