Чалец Грамадскай палаты Расеі нецэнзурна абразіў кіраўніка Азербайджана
- 8.01.2025, 10:20
- 25,856
У Баку адказалі.
Член Каардынацыйнай рады пры Грамадскай палаце Расеі, палітолаг Уладзімір Карасёў назваў прэзідэнта Азербайджана Ільхама Аліева «піда...сам» пасля таго, як той абвінаваціў расейскіх прадстаўнікоў у катастрофе пасажырскага самалёта ў Казахстане. Старшыня Грамадскай рады пры Міністэрстве экалогіі і прыродных рэсурсаў Азербайджана Амін Мамедаў у адказ назваў Карасёва «далёкай ад культуры істотай», піша “Холад”.
6 студзеня падчас сустрэчы са сваякамі загінулых у авіякатастрофе прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў заявіў, што віна за катастрофу лайнера "ляжыць на прадстаўніках Расейскай Федэрацыі". Падчас сустрэчы ён таксама запатрабаваў пакарання для вінаватых, празрыстасці расследавання інцыдэнту і "чалавечых паводзін".
У гэты ж дзень Карасёў апублікаваў навіну з заявай Аліева ў сваім тэлеграм-канале і падпісаў яе словамі: "І пра піда…саў" (арфаграфія аўтара захавана). Пазней карыстальнік пад нікам Erich Hauser прысароміў Карасёва за абразы і папрасіў яго "дыскутаваць годна". У адказ на гэта Карасёў напісаў: "На пакрыўджаных небратах рускую гарэлку возяць".
Выданне Vesti.az паведаміла, што на допісы Карасёва звярнуў увагу старшыня Грамадскай рады пры Міністэрстве экалогіі і прыродных рэсурсаў Азербайджана Амін Мамедаў.
"Калі Грамадская палата Расейскай Федэрацыі ўважае гэтую прамову за адпаведную сваім этычным нормам, становіцца зразумела, на якім узроўні яна знаходзіцца цяпер", – заявіў чыноўнік.
Паводле яго слоў, у сучаснай Расеі "публічныя асобы і людзі з высокім сацыяльным статусам" усё часцей "дазваляюць сабе грубую і абразлівую рыторыку". Ён мяркууе, што адсутнасць наступстваў за абразы замежных лідараў можа прывесці да выкарыстання такога ж стылю камунікацыі і ў дачыненні да расейскага кіраўніцтва.
“Раней грамадскія дзеячы Расеі служылі прыкладам высокай культуры і маральных прынцыпаў, аднак сёння гэтыя якасці, на жаль, страчаныя. І пра самалёт AZAL разважае такая далёкая ад культуры істота, як Карасёў”, – сказаў на заканчэнне Мамедаў.