8 студзеня 2025, Серада, 11:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сем няўдач беларускай улады

30
Сем няўдач беларускай улады

Мінулы год не стаў выключэннем.

Улады чарговы раз не выканалі шэраг абяцанняў, якія давалі грамадзянам Беларусі. "Салідарнасць" пералічвае частку з іх.

Выхад на серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў

Даўні серыял са стварэннем айчыннага электракара атрымаў працяг у 2024-м ды яшчэ якп. У пачатку года Аляксандр Лукашэнка заявіўся на завод «БелДжы» і запатрабаваў выйсці на серыйную вытворчасць беларускіх электрамабіляў да 1 студзеня 2025 года.

Зрэшты, чыноўнікі ўжо звыклі да дзіўных і неабгрунтаваных задач дыктатара. Дырэктар «БелДжы» Генадзь Свідзерскі ў апошнім інтэрв'ю не стаў нават апраўдвацца за невыкананне задачы:

- Пяць даследчых узораў BELGEE eX50 ужо гатовыя… Гэта ўсё яшчэ даследчыя ўзоры, і мэта дадзенай доследна-прамысловай партыі - ацаніць тэхнічныя і камерцыйныя параметры аўтамабіля, а таксама яго канкурэнтаздольнасць.

Даволі празрыста намякнуў ён і пра перспектывы беларускага электракара:

- Адна справа - вырабляць мадэль, першапачаткова якая праектавалася як электрамабіль. Зусім іншая - у аўто з ДВС дадаць бензабак і ўстаўляць іншае абсталяванне. Гэта можа выклікаць рост сабекошту ў параўнанні з канкурэнтамі.

Запуск цягніка да менскага аэрапорта і «аднаўленне ўсіх дарог»

У 2020-м Лукашэнка заявіў: у Нацыянальны аэрапорт «Мінск» на працягу 2-3 першых гадоў наступнай пяцігодкі будзе падведзены цягнік са сталіцы. Абяцанне не выканана, чаму, зрэшты, варта парадавацца: эканамічнай мэтазгоднасці ў будаўніцтве чыгункі да аэрапорта не было ў мінулым, і тым больш няма зараз - пры забароне «Белавія» лётаць у Еўропу і малой пасажырскай плыні.

Наогул, даваць «транспартныя» абяцанні - адзін з улюбёных заняткаў дыктатара, які вядомы тым, што не адказвае за свае словы. Так у сакавіку 2024-га Лукашэнка заявіў, што ўжо да 9 траўня «ўсе дарогі павінныя быць адноўленыя».

З апошняга - перад Новым Годам ён заявіў аб планах звязаць гарады-спадарожнікі з Менскам хуткаснымі шляхамі. Але калі пятнаццаць гадоў таму ў яго выказваннях фігуравала проста чыгунка, то ў новай версіі старога абяцання - з'явілася «наземнае метро».

Скасаванне роўмінгу паміж Беларуссю і Расеяй

Дамоўленасць аб гэтым была ўкладзеная яшчэ ў 2018 годзе. Першапачаткова пастанова павінна была набыць моц у 2022-м. Затым і беларускія, і расейскія чыноўнікі не раз паўтаралі, што ў 2024-м роўмінг дакладна скасуюць.

І які раз гэтага не адбылося. Новае абяцанне - роўмінг з РФ скасуюць з 1 сакавіка 2025 года.

Пачатак рамонту ў Чырвоным касцёле

Храм у цэнтры Менска ўлады закрылі ў 2022-м, заявіўшы аб неабходнасці рамонту пасля пажару. У кастрычніку наступнага года намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран заявіў, што рэканструкцыя касцёла св. Сымона і Алены ў Менску «вядзецца згодна з планам» і ў першым квартале 2024-га «павінны пачацца працы ў будынку».

Але гэтага не адбылося ні ў першым, ні ў другім, ні ў трэцім, ні ў чацвёртым квартале. Апошняя навіна - улады запатрабавалі ад прыходу касцёла выплаціць запазычанасць у памеры 148 тысяч рублёў.

Шырокае ўжыванне айчыннай вакцыны ад COVID-19

Некалькі гадоў таму Лукашэнка вызначыўся дзіўным патрабаваннем стварыць беларускую вакцыну ад кавіда. У пачатку 2023-га тагачасны міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч заявіў: шырокае выкарыстанне айчыннай вакцыны ад COVID-19 плануецца пачаць у Беларусі ў 2024 годзе.

І вось на вуліцы ўжо 2025-ы, а беларускай вакцыны «БелКовідВак» у паліклініках як не было, так і няма. Увосень паведамлялася пра скаргі беларусаў на тое, што ўвогуле ніякай вакцыны няма, але затым падвезлі расейскую «Спутник Лайт».

Белыя халаты адзначалі: «Відавочна, што план на 2024 год цалкам няўдалы - вытворчасць беларускай вакцыны не пачалася».

Запуск беларускага спадарожніка

Мала хто ўжо памятае, але некалі ўлады заяўлялі, што неўзабаве Беларусь ператворыцца ў буйнога вытворцу спадарожнікаў. Перыядычна чыноўнікі давалі абяцанні аб канкрэтных тэрмінах запуску.

Напрыклад, у 2021-м кіраўнік Акадэміі навук Уладзімір Гусакоў заявіў аб супрацоўніцтве з расейцамі:

- Прадугледжана стварэнне групоўкі з двух касмічных апаратаў, запуск першага запланаваны пакуль на 2024 год.

Летась ўлады аб гэтым абяцанні не ўспаміналі.

Запуск Нежынскага горна-ўзбагачальнага камбіната

Амаль дзесяцігоддзе таму Лукашэнка і расейскіх алігарх Міхаіл Гуцэрыеў запэўнівалі: калі ў нашай краіне пачне працаваць другое прадпрыемства ў вытворчасці калійных угнаенняў, беларусы зажывуць значна лепш.

Толькі вось будаўніцтва ў Любанскім раёне ўсё ніяк не закончыцца. Скончыць яго мусілі ў 2023-м, але і ў 2024-м гэтага не адбылося. Больш за тое, высветлілася, што справы з Нежынскім ГАК ідуць даволі кепска.

Гуцэрыеў заявіў, што пасля ўвядзення санкцый ён «страціў цікавасць да гэтага праект» і перадаў яго «беларускай дзяржаве», станоўча адказаўшы на пытанне аб «фактычнай нацыяналізацыі».

Іншы «мегакіраўнік» Лукашэнкі адзначыўся ў 2024-м такімі словамі аб Няінскім ГАК: «Калі ласка, навядзіце парадак, наколькі магчыма гэта на будоўлі».

Паўтара гады таму чыноўнікі заяўлялі, што Нежынскі ГАК павінен пачаць працу да 1 чэрвеня 2025 года. Але ўжо відавочна, што і гэтае абяцанне будзе невыкананае.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках