Каля Севастопаля знайшлі плямы мазуту памерам некалькі кіламетраў
4- 6.01.2025, 12:47
- 3,790
Усяму віной - расейскія танкер.
Каля Севастопаля ў часова акупаваным РФ Крыме заўважаныя плямы мазуту памерам некалькі кіламетраў.
Пра гэта 6 студзеня паведамляе Telegram-канал «Крымскі вецер» са спасылкай на звесткі спадарожнікавай здымкі.
Паведамляецца, што на зробленых напярэдадні спадарожнікавых фота ў акваторыі Чорнага мора бачныя некалькі выцягнутых буйных плям на захад ад Севастопаля, даўжыня якіх складае ад 3,5 да 9,5 км (з шырынёй да 1-1,5 км).
«Таксама ўздоўж усяго паўднёва-заходняга і заходняга ўзбярэжжа Севастопаля - ад мыса Фіялента да мыса Херсонэса і далей да пасёлка Качы - бачная суцэльная вобласць вады з адрознай ад звычайнай шчыльнасцю (на фота адзначана знакам пытання), але сцвярджаць, што гэта мазутнае забруджванне, немагчыма без назіранняў з берага», - гаворыцца ў паведамленні.
Пазней «Крымскі вецер» апублікаваў фота плям мазуту і парэшткаў птушак у мазуце на пляжы Царскім ля мыса Фіялента каля Севастопаля.
«У гэтым месцы мора заўсёды было адным з самых чыстых на крымскім узбярэжжы дзякуючы плыням і адсутнасці крыніц забруджвання», – менавіта так падпісаныя здымкі.