7 студзеня 2025, aўторак, 7:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

5 студзеня - дзень нараджэння Ефрасінні Полацкай

1
5 студзеня - дзень нараджэння Ефрасінні Полацкай

Цікавыя факты аб беларускай святой.

У гэты дзень, у 1104 годзе, паводле высноў даследчыка Аляксея Мельнікава, нарадзілася Еўфрасіння Полацкая – князёўна і ігумення, беларуская святая.

Прадслава, а менавіта так назвалі бацькі будучую апякунку беларускіх зямель, паходзіла з сям'і полацкіх князёў. Яна была наўпроставым нашчадкам знакамітай дачкі ўладара Полацкага княства Рагвалода – князёўны Рагнеды, з якой пачалася гісторыя Ізяславічаў.

Таксама яна з'яўлялася і ўнучкай самага містычнага беларускага князя, які паводле чутак мог ператварацца ў ваўкалака, – Усяслава Брачыславіча, больш вядомага як Усяслаў Чарадзей.

Калі Прадславе было 12 гадоў, яе бацькі, паводле тагачасных традыцый, надумалі выдаць дачку замуж. Але ў дзяўчыны не было ніякага імкнення звязаць сябе сямейнымі абавязкамі, яна ўсім сэрцам імкнулася да асвечанага і духоўнага жыцця.

Сваё жыццё Прадслава пастанавіла прысвяціць Богу. У таямніцы ад бацькоў дзяўчына пастрыглася ў манашкі. Асаблівую ролю ў гэтым адыграла яе родная цётка, якая на той час была кіраўніцай Полацкага манастыра. І бацькам давялося прымірыцца з яе выбарам.

Там жа дзяўчына і атрымала новае імя, пад якім мы яе зараз і ведаем - Еўфрасіння.

Сваёй дзейнасцю Еўфрасіння Полацкая на некалькі стагоддзяў апярэдзіла час. Яна стала першай у гісторыі Беларусі мецэнаткай. Дзякуючы ёй былі створаныя першыя школы. Яна клапацілася аб перапісванні кніг, развіцці дойлідства. Духоўны ўплыў беларускай асветніцы выйшаў далёка за межы эпохі.

Цяпер Еўфрасіння Полацкая ўшаноўваецца як асветніца і заступніца Беларусі праваслаўнымі і грэка-каталікамі.

З нагоды святочнай даты "Белсат" падрыхтаваў падборку цікавых фактаў аб знакамітай беларускай асветніцы.

Еўфрасіння Полацкая - першая жанчына, якая:

заснавала праваслаўны манастыр;

пабудавала храм, які, дарэчы, стаіць і да сёння. Размова ідзе пра храм у гонар Усеміласцівага Уратавання. Знакамітая царква была ўзведзеная ў рэкордна кароткі тэрмін - усяго за 30 тыдняў. Побач з ёй пабудавалі і кляштар;

стала натхняльніцай стварэння, бадай, самай легендарнай беларускай святыні. У 1161 годзе Ефрасіння звярнулася да майстра-ювеліра Лазара Богшы, які вырабіў крыж-шасцікутнік вышынёй амаль 52 см. Крыж быў выкананы з кіпарыса, абабіты залатымі і срэбнымі пласцінамі, упрыгожаны каштоўнымі камянямі і 20 выявамі абразоў. Акрамя таго, у пяці паглыбленнях Крыжа знаходзіліся хрысціянскія рэліквіі. У час Вялікай Айчыннай вайны крыж быў выкрадзены. І дагэтуль дакладна невядома, дзе ён знаходзіцца;

атрымала цудатворны абраз Божай Маці, які напісаў сам евангеліст Лука;

з'яўляецца першай асветніцай у Беларусі;

стала першай усходнеславянскай праваслаўнай святой, якую, між іншым, прызнаюць усе хрысціянскія канфесіі;

уважаецца за самую вядомую нябесную заступніцу і заступніцу Беларусі;

з'яўляецца адзінай хрысціянскай святой, да выявы якой, як ніводнаму іншаму, звярталіся ў сваіх паэтычных і празаічных прысвячэннях некалькі дзясяткаў знакамітых беларусаў. Сярод іх Кірыла Тураўскі, Сімяён Полацкі, Алесь Звонак, Рыгор Барадулін, Алесь Разанаў, Алег Лойка, Валянцін Лукша і многія іншыя.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках