Як змяніліся кошты прадуктаў у Беларусі за 2024 год?
4- 5.01.2025, 20:35
- 7,398
Экспэрты прагназуюць рэзкі рост кошту шматлікіх тавараў і паслуг.
Беларускі ўрад і Аляксандр Лукашэнка пачалі рыхтаваць беларусаў да скасавання дзяржаўнага кантролю коштаў. Экспэрты прагназуюць рэзкі рост кошту шматлікіх тавараў і паслуг.
Еўрарадыё надумала паглядзець, як змяняліся кошты ў Беларусі ў 2024 годзе, калі дзейнічала штучнае стрымліванне коштаў, на прыкладзе асабістай інфляцыі для сям'і з чатырох чалавек. Для гэтага мы параўналі чэкі з папулярнай гандлёвай сеткі за першыя два месяцы 2024 года з чэкамі за апошнія два месяцы гэтага ж года.
Малочная прадукцыя і яйкі
Малако маркі "Свежыя навіны" тлустасцю 3,5% за год падаражэла на 15 капеек - з 2,10 рубля да 2,25.
Падвысіўся кошт і абястлушчанага тварагу (400 г) з 2,97 рубля да 3,56 рубля.
Цэны на малочныя прадукты ў Беларусі
150 грамаў тварожнага сыру брэнда "Свежа" ў пачатку мінулага года каштавалі 2,99 рубля, і за год ён падаражэў больш як на рубель. Цяпер ён каштуе 4,01 рубля.
Дзясятак яек C-1 у пачатку 2024-га каштаваў 3,54 рубля, сёлета кошты засталіся прыкладна на тым жа ўзроўні, а некаторыя брэнды і зусім можна купіць танней.
Мяса і каўбасы
Глядзім, як змяніліся кошты на мяса і мясныя прадукты. Напрыклад, тушка кураняці-бройлера за год набрала 20 капеек і зараз каштуе 6,56 рубля за кіло замест 6,36 летась.
Такая ж гісторыя і з курынай грудкай. У пачатку 2024-га кілаграм можна было купіць за 8,99 рубля, у канцы 2024-га - за 9,39 рубля.
Любімая многімі каўбаса «Мартадэла» таксама набрала ў кошце: зараз яна каштуе 7,33 рубля за 620 грамаў. Год таму яе можна было набыць за 7,19 рубля.
Як падаражэла гародніна і садавіна
Як гэта ні дзіўна, але кілаграм бананаў у канцы мінулага гады можна было купіць танней, чым у пачатку года. Яны патаннелі на 40 капеек і зараз каштуюць 5,59 рубля.
Часнок за год набраў у кошце роўна рубель - зараз яго можна купіць за 16,99 рубля.
Кансерваваную кукурузу брэнда "Green day" у пачатку 2024 года можна было купіць за 2,99 рубля. Цяпер яе кошт складае 3,16 рубля.
Бакалея
Кілаграм мукі "Лідская" ў пачатку 2024-га каштаваў 1,66 рубля, а ў самым канцы - 1,67.
Тое ж самае можна сказаць пра цукар — у сярэднім зараз ён каштуе ад 2,58 рубля да 2,68. Кошт на яго практычна не змяніўся.
Макароны брэнда «Макфа» таксама не моцна павялічыліся ў кошце і каштуюць каля 2,50 рубля.