7 студзеня 2025, aўторак, 13:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Здароўе беларускіх школьнікаў жахнула навукоўцаў

16
Здароўе беларускіх школьнікаў жахнула навукоўцаў

Несуцяшальная тэндэнцыя.

Скаліёз і парушэнне асанкі - найболей распаўсюджаныя праблемы костна-цягліцавай сістэмы ў дзяцей ад 0 да 17 гадоў. Да такой высновы прыйшлі беларускія навукоўцы, якія абследавалі больш за 600 навучэнцаў устаноў сярэдняй адукацыі Менска. Аб прафілактыцы скаліёзу ў дзяцей і тэндэнцыях фармавання гэтага захворвання выданню "Здаровыя людзі" расказала старшы выкладчык кафедры гігіены і аховы здароўя дзяцей з курсам павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі БДМУ Надзея Самохіна.

Аналіз стану здароўя падрастаючага пакалення папярэдніх гадоў паказвае несуцяшальную тэндэнцыю да росту першаснага захворвання дзяцей і падлеткаў у найбліжэйшай перспектыве, зазначае экспэртка.

Абследаванне дзяцей ва ўзросце 6-11 гадоў выявіла, што абсалютна здаровымі з'яўляюцца толькі 22,5 працэнта. Пры гэтым вядучымі парушэннямі ў дзяцей, у якіх не быў да гэтага дыягнаставаны скаліёз, сталі парушэнні костна-цягліцавай сістэмы, у тым ліку плоскаступнёвасць, парушэнне асанкі, а таксама хваробы сістэмы кровазвароту і хваробы вока і яго дапаможнага апарата.

Спадарожная паталогія адсутнічае ў 26% дзяцей са скаліёзам. Фізічнае развіццё сучасных дзяцей у асноўным дысгарманічнае рознай ступені выяўленасці, за кошт недахопу і лішку масы цела.

Навукоўцы адзначаюць у арганізме ў большасці непаўналетніх дэфіцыт цягліцавай і костнай масы, пры гэтым падвышанае ўтрыманне цялеснага тлушчу. Таксама высветлілася, што функцыянальныя паказчыкі (сіла кісці вядучай рукі і жыццёвая ёмістасць лёгкіх) характарызуюцца значэннямі ніжэй узроставых нарматываў.

Пры ацэнцы артэрыяльнага ціску і частаты сардэчных скарачэнняў у большасці выяўлены дыстанія і сардэчная арытмія. Даследаванне функцыянальнай лабільнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы паказвае альбо на слабую фізічную падрыхтоўку, альбо на ўтоеную функцыянальную недастатковасць сістэмы кровазвароту.

Пры комплекснай ацэнцы адаптацыйнага патэнцыялу ўстаноўлена, што ў большасці дзяцей узровень адаптацыі характарызуецца напружаннем адаптацыйных механізмаў і стан здароўя ніжэйшы за сярэдні.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках