Прэм'ер Грэнландыі запатрабаваў незалежнасці ад Даніі
20- 4.01.2025, 13:52
- 7,412
Раней Дональд Трамп заяўляў пра планы набыць востраў.
Прэм'ер-міністр Грэнландыі аўтаноміі ў складзе Даніі Муцэ Эгедэ выступіў за незалежнасць найбуйнейшага ў свеце вострава. Такія словы змяшчаюцца ў ягоным навагоднім звароце, апублікаваным на сайце грэнландскага ўраду, паведамляе «Нямецкая хваля».
Эгедэ супраць «кайданоў каланіяльнай эпохі»
«Надышоў час зрабіць наступны крок для нашай краіны. Як і іншыя краіны свету, мы павінны працаваць над ухіленнем перашкодаў да супрацоўніцтва, якія можам назваць кайданамі каланіяльнай эпохі, і рухацца далей. Гісторыя і цяперашнія ўмовы паказалі, што наша супрацоўніцтва з Каралеўствам Данія не прывяло да стварэння поўнай роўнасці, і калі нам і далей давядзецца зыходзіць з дацкай канстытуцыі, раўнапраўнае супрацоўніцтва не можа быць створанае», – гаворыцца ў звароце, апублікаваным на дацкай і грэнландскай мовах.
«Настаў час нам самім зрабіць крок і сфармаваць нашу будучыню, у тым ліку ў дачыненні да таго, з кім нам трэба цесна супрацоўнічаць і якімі павінны быць нашы гандлёвыя стасункі. Таму што нашае супрацоўніцтва з іншымі краінамі і нашыя гандлёвыя стасункі не могуць прадаўжацца толькі праз Данію», – дадаў палітык.
Паводле ягоных словаў, цягам апошніх некалькіх гадоў парламент і ўрад Грэнландыі «працавалі разам, каб зрабіць крокі для распрацоўкі нашай канстытуцыі, якая з'яўляецца нашай асновай для аддзялення ад Даніі».
«Магчымасць народа Грэнландыі здабыць незалежнасць была замацаваная ў палажэннях Закона аб самакіраванні, што стварыла прававую аснову для дасягнення незалежнасці. Таксама падрыхтаваны праект асноўнага закону, канстытуцыі нашай краіны. Ужо пачалася праца ў стварэнні асноваў Грэнландыі як незалежнай дзяржавы ў рамках магчымасцяў і палажэнняў, прадугледжаных Законам аб самакіраванні», – дадаў Эгедэ.