Камандаванне РФ у Данецкай вобласці загадала сваім вайскоўцам выкарыстоўваць цывільную тэхніку
- 4.01.2025, 11:10
- 7,470
У «Атэш» патлумачылі, што гэта азначае.
Камандаванне расейскага акупацыйнага войска прымушае выкарыстоўваць цывільны транспарт у ваенных мэтах. Такі загад аддадзены артылерыйскім падраздзяленням УС РФ на тэрыторыі Данецкай вобласці.
Акрамя таго, захопнікам забаранілі выкарыстоўваць ваенную форму і знакі адрознення. Пра гэта ў Telegram паведамляе ваенны рух украінцаў і крымскіх татараў «Атэш».
Агент руху з ліку расейскіх вайскоўцаў у Данецкай вобласці пацвердзіў, што захопнікаў прымушаюць маскавацца пад мясцовых жыхароў. Для гэтага вораг выкарыстоўвае транспарт мясцовых жыхароў.
Паводле інфармацыі партызанаў, камандаванне РФ загадала перавозіць боепрыпасы на легкавых аўтамабілях, у прычэпах ці мікрааўтобусах, з абмежаваннем да 10 снарадаў на адзін транспарт.
У «Атэш» адзначылі, што такія дзеянні расейцаў з'яўляюцца грубым парушэннем Жэнеўскай канвенцыі і правілаў вядзення вайны, а таксама чарговым злачынствам расейскіх акупацыйных войскаў.
Больш за тое, такія дзеянні пуцінскага войска не толькі ставяць у небяспеку цывільнае насельніцтва, але і служаць інструментам для правакацый, накіраваных на абвінавачанне Сілаў абароны Украіны.