«Такога прыніжэння Пуцін яшчэ не адчуваў»
4- 4.01.2025, 10:54
- 13,874
Аліеў прымушае Крэмль пакараць вінаватых за збіты самалёт.
Катастрофа азербайджанскага самалёта, які павінен быў прызямліцца ў Грозным, але верагодна быў збіты над тэрыторыяй Расеі, напружыла да максімуму стасункі Ільхама Аліева і Уладзіміра Пуціна. Кіраўніку Крамля будзе нялёгка выйсці з гэтай сітуацыі.
Прэзідэнт Азербайджана запатрабаваў ад Крамля выбачэнняў, кампенсацый і пакарання вінаватых у верагодным збіцці самалёта паблізу Грознага. Расейскі апазіцыйны журналіст Ігар Якавенка расказаў «24 Каналу», што Пуцін спрабуе ўнікнуць таго, што хоча ад яго Аліеў.
Аліеў хоча крыві
Якавенка адзначыў, што кіраўнік Крамля тры разы тэлефанаваў прэзідэнту Азербайджана, таму што хоча не публічна загладзіць гэты канфлікт.
«Аліеў хоча крыві – не асабіста Рамзана Кадырава, але людзей, набліжаных да яго», – заўважыў ён.
Таму што сярод вінаватых у трагедыі, паводле словаў журналіста, відавочна, гэта дыспетчар – былы футбаліст і ўлюбёнец Кадырава, якога той уладкаваў на добрую пасаду. Але гэты чалавек не ўмее нічога іншага як біць па мячы, таму ён не папярэдзіў пілотаў, што адбываецца аперацыя «Дывана» і што аэрапорт у Грозным зачынены. Тым самым ён стварыў сітуацыю, якая прывяла да катастрофы.
Таксама, на думку Якавенкі, вінаваты разлік СПА, які пераблытаў пасажырскі лайнер з дронам. Паводле ўсіх параметраў гэта не параўнальныя аб'екты, і тое, што яны пераблыталі іх, сведчыць пра прафнепрыдатнасць гэтага разліку супрацьпаветранай абароны.
Акрамя таго, «вызначыўся» пляменнік кіраўніка Чачні, які з'яўляецца старшынёй рады бяспекі рэспублікі і якога Кадыраў «прымудрыўся» ўзнагародзіць якраз за «аперацыю ў збіванні самалёта».
«Ёсць пэўная колькасць відавочных вінаватых, крыві якіх Аліеў будзе патрабаваць ад Пуціна. А для яго такое прыніжэнне Кадырава – вельмі непажаданае. Цяжка спрагназаваць дзеянні кіраўніка Крамля, але ён, верагодна, здолее выкруціцца з гэтай сітуацыі», – падкрэсліў ён.
Пуцін, магчыма, паспрабуе заліць гэты канфлікт грашыма. Таксама ён можа, на думку апазіцыянера, расказаць, што нібыта «ўкраінскія дроны» стварылі сітуацыю, якая прывяла да стральбы і трапляння ў пасажырскі самалёт. Акрамя таго, ён можа сказаць, што кагосьці пакаралі, каго прызначаць вінаватымі. А рэальныя віноўнікі, напэўна, унікнуць адказнасці.
«Ці захоча Аліеў далей зневажаць кіраўніка Крамля ці задаволіцца чарговай ягонай імітацыяй, невядома. Аднак такой знявагі Пуцін не адчуваў ніколі», – адзначыў Ігар Якавенка.