На Беларусь насоўваецца марозны фронт
7- 3.01.2025, 8:18
- 36,018
Надвор'е ў краіне кардынальна зменіцца.
Зіма нечакана ўспомніла, што надышла халодная пара года, і надумала наведацца ў госці да беларусаў.
Ужо 3 студзеня надвор'е ў краіне пачне імкліва мяняцца, а следам за дажджамі прыйдуць снегапады і завіруха, піша «Точка».
Прычынай усяму марозны фронт, які рухаецца да нас са Скандынавіі. Разам з ім Беларусь накрыюць рэзкае пахаладанне і моцныя ападкі.
У пятніцу, 3 студзеня, слупкі тэрмометра апусцяцца па краіне да -6°С, максімальная тэмпература ўдзень - ад -3 да +2°С. На асобных адцінках дарог галалёдзіца, з-за чаго абвешчаны жоўты ўзровень небяспекі. Вецер заходні, паўднёва-заходні сярэдні, месцамі па ўсходзе моцны, парывісты.
Бліжэй да выходных, 4 і 5 студзеня, сітуацыя будзе толькі пагаршацца. У суботу ноччу тэмпература паветра ў краіне складзе ад -2 да -7°С, а максімальная ўдзень - ад 0 да -4°С.
Разам з рэзкім пахаладаннем Беларусь пачне засыпаць снегам. Месцамі - кароткачасовыя ападкі, але ў асобных раёнах сіноптыкі прагназуюць завеі. Будзьце ўважлівыя на дарогах, бо галалёдзіца захаваецца.
Пік рэзкага пахаладання прыпадзе на ноч нядзелі. У гэты час слупкі тэрмометра пакажуць ад -2 да -9°С. Удзень абстаноўка будзе не лепшай - ад 0 да -5°С. Захаваецца парывісты вецер. На большай тэрыторыі краіны чакаецца кароткачасовы снег, а недзе нават завіруха.