Жыхары Літвы дагэтуль захоўваюць сотні мільёнаў літаў
3- 2.01.2025, 15:18
- 6,282
Нягледзячы на пераход на еўра.
У Літве праз дзесяцігоддзе пасля ўвядзення еўра насельніцтва краіны дагэутль захоўвае блізу 400 мільёнаў літаў, што складае амаль 116 мільёнаў еўраў. Пра гэта сведчаць звесткі Банка Літвы, якія падае LRT.
У Банку ўважаюць за малаверагоднае, што ўсе гэтыя літы абмяняюць, паколькі частка валюты была страчаная, вывезеная за мяжу або захоўваецца як сувеніры.
Галоўная спецыялістка Дэпартамента палітыкі, эмісіі і кантролю Банка Літвы Эдзіта Лісінскайтэ расказвае, што часта людзі вяртаюць літы, знайшоўшы іх у нечаканых месцах, напрыклад, калі маюць справу з успадкаванай маёмасцю.
Паводле ейных слоў, людзі і раней знаходзілі літы, схаваныя сярод адзення, у кнігах, падарункавых канвертах, у старой торбе, пад дошкамі падлогі, у сценах або закапаныя ў двары.
"Грошы таксама знаходзілі ў трактары, у фермерскім доме, які людзі куплялі, і ў дрэве, калі яго спілоўвалі", - сказала Лісінскайтэ.
Са студзеня да лістапада мінулага года Цэнтральны банк абменьваў літы на еўра амаль 15 разоў на дзень, ці блізу 3500 разоў. У сярэднім людзі абменьвалі 14 тысяч літаў, ці 4 100 еўраў.
Лісінскайтэ адзначыла, што самая вялікая сума, абмененая за адну транзакцыю летась, складала 30 тысяч літаў, ці 8700 еўраў.